Кэмэл-Трэвэл (фрагмент рамана)

penbelarus.org · Вольга Гапеева - Кэмэл-Трэвэл (фрагмент рамана)

Свята — таксама праца

Дзень уласнага нараджэння быў адказным мерапрыемствам для мяне. Ні радасным, ні доўгачаканым, ні шчаслівым, а менавіта адказным. Справа ў тым, што да сваіх народзінаў я рыхтавалася, як да прыезду міністра ў які-небудзь падпарадкаваны інстытут. Прадумвала вялізную забаўляльную праграму для сваіх гасцей, прычым забаўляльная яна была ў маім разуменні гэтага слова: віктарыны, конкурсы, крыжаванкі. Я развучвала фокусы і, калі яшчэ быў жывы мой хамяк Баніфацый, — нейкія трукі з ім. Гэта называлася “забаўляльны цырк”. У праграме выступу было чатыры пункты:

  1. Прабежка па перакладзіне.
  2. Прабежка з перашкодамі.
  3. Пралазанне ў дзірачку.
  4. Стойка на пярэдніх лапках.

За правільныя адказы прадугледжваліся прызы. Гэтую частку я асабліва любіла, бо заўсёды адчувала сябе няёмка, калі мне дарылі падарункі, а я — не. Таму мае конкурсы меліся выправіць гэтую няроўнасць, дзе кожная атрымлівала хоць і дробны, але падарунак, кшталту каляндарыка, цукеркі або пакеціка. Пытанні былі з розных сфер: з матэматыкі, гісторыі, мовы, на кемлівасць. Таксама прапаноўвалася спець песню або адгадаць загадку.

Пазней я буду думаць над гэтым, седзячы самотна зімовым вечарам у кватэры ў Осла, чаму мне так важна рабіць нешта разам з сябрамі, чаму я не магу проста быць побач, навошта гэтая бясконцая дзейнасць. Высновы, да якіх я прыйшла, былі даволі сумнымі. Мне здавалася, што я сама па сабе не магу быць цікавай, што гасцей (чытай, усіх людзей, якія будуць сустракацца ў маім жыцці) абавязкова трэба забаўляць, іначай яны засумуюць і сыдуць.

У маёй найлепшай сяброўкі дзень нараджэння праходзіў іначай, акцэнт рабіўся на пачастунак. Ейная мама заўсёды нешта прыдумляла, шмат чаго я каштавала ўпершыню менавіта ў іх, і хадзіць да іх у госці на святы мне вельмі падабалася.

У маёй сям’і не вучылі гатаваць, думаю, гэта лічылася непрыстойным, можа, нават ганебным, “бабскім”. Пасля разводу мама вырашыла адмовіцца ад сваёй жаноцкасці, тым больш, што працавала яна ў мужчынскім калектыве, дзе была адзінай жанчынай. Можна толькі ўявіць, што ёй даводзілася там чуць і бачыць. Мяне вучылі рамантаваць тэлефон, туалетны бачок, паяць і разбірацца ва ўсім самой, бо ніхто не дапаможа і разлічваць трэба толькі на сябе.