Коткі, што жывуць у хмызох пад вакном

penbelarus.org · Цемрык Велет - Коткі, што жывуць у хмызох пад вакном

коткі, што жывуць у хмызох пад вакном, ведаюць.
ведаюць іржавыя баржы і караблі ў порце прыціхлым.
хто ты – яблык ці шмат сала?
прывідам крохкім блукаеш па пляжы зарослым
і ўзіраешся ў сполахі рыбінаў.

дзесь недалёка спяць цыганскія хаты,
безліч котак вартуюць свае месцы абжытыя.
хто ты – пясок ці пагнілыя сваі?
чоўнаў зашмат, і яны зашмат ведаюць —
доннем дно ўсё пабачылі.

дні ў сутарэннях мясцовае крэпасці
дрэва, трава пагрызлі фартэцыю.
хто ты – свечка ці невядомае?
раны – там, дзе брукаванка расчынена.

не, вяртання няма ў паліклініку вуліцаў,
у шал алкаголю і нікчэмных выслоўяў.
хто ты—лек ці атрута?
веды не прыйдуць, іх трэба выклікаць.