Крапае. Халодна

penbelarus.org · Стась Крапаў - Крапае. Халодна

Крапае. Халодна і дзьмеш у дзірачку кулака.
Восеньскі ранак.Туман. Па вадзе пладзяцца кругі.
Нейкае блуканне па дне возера з вялікім утрыманнем малака
І выхад з выпаўзам на яго кісялёвыя берагі.
Прастора, вакно, па якім усе воды сцяклі
І думаеш: ці гэта я пакараны сырасцю нябёснаю і зямной?
Калі так, то хацелася б ведаць, за што? А калі
Нехта яшчэ, то чаму так абыйшліся са мной?
Той хто да дынаміка прыціскае вуха і яшчэ шчаку
Ведае як тамяцца ў смузе паўднёвыя гарады,
Як чалавек, які тройчы ўваходзіць у адну раку
Ведае, што у ёй не прыбывае ані рыбы ані вады.
Але ведаюць толькі яны, слухачы і гледачы:
Быць вялікаму сонцу, альбо вялікай вадзе.
А той, хто патрапляе ў туман, куды-небудзь ідучы
Вяртаецца іншым і размоў ні з кім не вядзе.