Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт. У канцлагеры

Алівал-Норт, 1901

O, pazienza, pazienza che tanto sostieni!
Дантэ

Знясілены скрухаю, дух твой марнее,
Ад слёз па мінулым твой позірк пусты.
Ты радасць і мір прамантачыў, развеяў,
Цяпер засталося прасіць слепаты,
І ў словах малення — ніякай надзеі:
“Цярпенне, цярпенне, дзе скончышся ты?”

Усё як учора, усё як звычайна:
Намёт — твой прытулак адзіны — амаль
Цябе не хавае ад ночы бяскрайняй,
І падае неба на плынны Вааль.
Ты слухаеш кашаль дзіцяці адчайны,
І стукам дажджу адгукаецца даль.

Дрыжыць і міргае агеньчык на кноце,
Дзве цалі — і згасне, і скончыцца ён.
Як добра ў зямлі ці ў апалай лістоце,
Які бестрывожны ў памерлага сон…
А тых, хто жывы, сон вядзе ў адзіноце
У кола, дзе вусціш і скрухі праклён.

Тут дзеці прыходзяць на свет для пакуты,
Тут гіне не здольны змагацца стары,
Тут крыкам і плачам твой слых ахінуты,
Тут цягнуць на дно цябе скрухі віры,
Бо ўсе перажытыя ў жаху мінуты
Навечна выпальваюць раны ўнутры.

Ніжэй і ніжэй навісае галодна
Вялізная хмара — і знік задыяк.
У цемры ні зоркі, маўчыць голас родны,
Адно толькі кашаль пачуеш няўзнак.
А вецер нашэптвае мякка, лагодна:
“Цярпенне, цярпенне, ты ж скончышся, так?”

Прабачыць? Забыцца на боль несціханы,
На скруху і страх, што спалілі масты?
Стагоддзе ганебным кляймом пакарана,
Бо мёртвыя дзеці, бацькі і браты.
На жыццях занадта глыбокія раны.
Цярпенне, цярпенне, ці скончышся ты?

Пераклад з афрыкаанс

O, pazienza, pazienza, che tanto sostieni — Рай, песня ХХІ, 135. Дакладней так:
O, pazienza, che tanto sostieni!

Алівал-Норт — горад ва Усходне-Капскай правінцыі, дзе падчас Другой англа-бурскай вайны ангельцы зрабілі канцлагер, далёка не адзіны ў Паўднёвай Афрыцы. Пасля некалькіх гадоў ваеннай кампаніі ніхто не мог перамагчы, бо бурам, якіх было менш за ангельскіх салдат, з іх абсалютнай пагардай да тактыкі і правілаў вядзення вайны, немагчыма было даць рады (дарэчы, менавіта пасля гэтай вайны, спачатку ў брытанскіх афіцэраў, а потым і ў многіх іншых краінах, з’явілася прыкмета не прыкурваць траім ад адной запалкі: лічылася, што ў цемры, даючы прыкурыць першаму, выдаеш сваю пазіцыю, прыкурваючы другому, даеш магчымасць буру прыцэліцца, прыкурваеш сам — бур страляе). Ангельцы пачалі заганяць у канцлагеры жанчын, дзяцей і старых, і каля 40 тысячаў з іх у гэтых лагерах загінула. Сам тэрмін “канцэнтрацыйны лагер” з’явіўся падчас гэтай вайны. 31 траўня 1902 году буры падпісалі мірную дамову.