“Life is good”, – кажа мне мой тэлефон,
Усміхаючыся трэшчынкамі экрана
Сёння рана званіць і высвечвае імя абанента,
Ад якога даўно не атрымліваю ні эсэмэс, ні канвертаў.
– Вітаю! Ты часам дома ў мяне завушніцу не пакідала,
Не губляла перлінку-цвічок?
Я маўчок. Удых…Выдых…
– Так, калісьці даўно, магчыма…
Разам з ім я губляла час і ў часе гублялася,
Я губляла спакой, галаву і вагу, усё адзенне, якое перашкаджала,
Я губляла яго ўвагу, адсутнасць – пчаліным джалам,
Я губляла надзею, хоць яна памірае радзей
За каханне і веру. Іх я згубіла першымі.
Я прасіла чытаць мне ўслых прозу і вершы,
Ён чытаў пра сябе, а пра мяне – ніколі.
– Ну што, сустрэнемся? Я прынясу завушніцу тую…
– Я выкінула перлінку другую
І не маю звычкі
Захоўваць адну рэч з пары,
Калі пары няма ўжо тут, –
Life is good, life is good.