Едзем на возе з Хведаркам Барадатым па даўняй лясной дарозе.
Павыступалі з зямлі вузлаватыя карані, быццам чыесьці крыкі i нараканні.
Апавядае Хведарка Барадаты, як шмат тут чаго за вякі адбылося:
як людзі людзьмі пераймаліся,
як людзі людзьмі рабаваліся,
як забіваліся людзі людзьмі…
— Я ведаю,— кажа ён,— толькі трохі, ды ўсё, што было тут, да самых апошніх драбніц, адкрыецца на судзе, на тым страшным судзе, дзе ўзважвацца будуць людскія душы.
Просяцца ў нас, каб падвезлі, каго даганяем: дзядзькі, дзецюкі, маладзіцы, падлеткі, жанкі, старыя,— i мы ix бяром, бо ўсе, хто ні ёсць на гэтай дарозе, ужо не староннія нам, не чужыя, ужо, нейкім чынам, с в а е .
Зыбаецца воз па пяску, ляскоча воз па карэнні,
Хведарка Барадаты махае лейцамі i паганяе каня…
Цесна пасеўшы, усім хаўрусам едзем па даўняй лясной — па людской!..— дарозе, едзем на страшны суд.