Майкл Сэлінджэр. Фідэль Кастра ў Бёрдлэндзе

penbelarus.org · Майкл Сэлінджэр. Фідэль Кастра ў Бёрдлэндзе (пер. В. Рыжкоў)

Фідэль Кастра
грае на джаз-гітары ў кавярні Бёрдлэнд
у Нью-Ёрку
26 красавіка 2006
яго акустычная гітара зробленая японцам
які жыве ў Бразіліі
дзе вырасла чырвонае дрэва
для ейнага грыфа
накладка грыфа зробленая з
імпартнага індыйскага чорнага дрэва
пярэдняя дэка
арэгонскі кедар
задняя і абячайкі
з палісандру
размаляванага сінімі кветкамі
калок
слановая косьць з наканечнікам
складаны механізм
трымае восем наладжаных струнаў
дакладнасць, зробленая ў Японіі
на такарным станку з праграмным кіраваньнем
і Фідэль Кастра сьпявае па-партугальску
цешыцца уласнымі тэкстамі
яго левая рука поўзае
ўверх і ўніз па ладах
правая б’е па струнах
так нібыта ён лічыць ноты
на калькулятары
гітарысты і басысты
ківаюць і жартуюць
за яго сьпінай
і Фідэль Кастра сьпявае пра каханьне
і ён сьпявае пра былое каханьне
і ён сьпявае пра новае каханьне
і ён сьпявае пра каханьне, якое, як ён думаў, страціў
але яно было толькі ў зімовай сьпячцы
у тых месцах, дзе ён не
шукаў
Фідэль Кастра крыху пырскае сьлінай
калі сьпявае
кроплі, падсьветленыя блакітным сцэнічным сьвятлом,
нагадваюць старыя кінастужкі,
кветкі кізілу
што страляюць пылком у паветра
пакуль бубнач
выстуквае рытм па тарэлцы
а мы сядзім ля стала
памерам з каналізацыйны люк
зь неімаверна дарагімі напоямі
што пакідаюць
паўкругі на белым абрусе
і мы слухаем
гэтага
Фідэля Кастра
гэтага Фідэля Кастра
які ў 1945
студэнт юрфаку Гаванскага ўнівэрсітэту
пайшоў
за мурынкай бляндынкай на шпільках
у расшытай блёсткамі блакітнай сукенцы
у Трапікана Клаб
дзе слухаў Дызі Гілэспі
канчаткова забыўшыся на сустрэчу
з рудым
на камуністычнай сходцы
гэтага Фідэля Кастра
для якога музыка
гэта рэвалюцыя