Марадона

penbelarus.org · Сяргій Жадан. Марадона (пер. В. Рыжкоў)

Той, хто прадаваў какаін Марадону,
і той, хто падносіў губку з воцатам,
і хто прабіваў дубас на мікрараёне,
ведаюць: жыццё – гэта штука з асадкам моцным.

Жыццё – гэта тое, чым ты пачнеш расплочвацца
ў канцы жыцця,
гэта кепскія прадчуванні, што пачынаюць здзяйсняцца,
гэта тое, чым ты вымушаны замарочвацца,
і дзеля чаго ты пагаджаешся прадавацца.

Тое, што ў цябе закладаецца замест агрэсіі,
тое, што мусіш выплаціць да апошняга цэнту,
жыццё – гэта бізнэс, на які ты не маеш ліцэнзіі,
бог – гэта мэнэджэр з аптэкі, які не прадасць табе без рэцэпту.

Жыццё – гэта як курс бакса, які ніхто не пралічыць,
гэта рахунак у банку, на які ты заўжды апіраешся.
І калі ты думаеш, што гэта цябе не датычыць,
то я думаю, што ты глыбока памыляешся.

Таму што кожнаму, хто ўкладаўся і ўпісваўся,
шчодра ўздасца нарэшце за кожны з траблаў,
за кожны з лістападаў, што на яго асыпаўся,
за цішыню і цемру, да якіх ён трапіў.

І павярнуўшыся да кожнага, з кім давялося трымацца
адных законаў
пад выгнутым небам адчаю вечнага,
я кажу – кожнаму з вас будзе чаго страмацца,
згадваючы пра мяне
і пра мае сведчанні.

Хто ведае, якім будзе працяг,
пасведчанне аб нараджэнні – часам адзіная згадка жыцця.

Большасць рэчаў нават не намагаешся паўтарыць.
Чым болей бачыў, тым меней хочацца пра гэтае гаварыць.

Веданне тэксту п’есы сядзець да канца не дае падставы.
Часта апошняе жаданне – жаданне ўсіх падставіць.

Як казаў Ісус, раскінуўшы рукі, –
Я шчэ вярнуся, сукі.