Маці хана і жонка хана,
Кветка шчасця, пагоншчыца зла,
Я была бязмерна каханай
І бязмерна грознай была.
Паўтаралі імя маё крыкам
Нават кінутыя са скал.
Я жаданай была і вялікай,
Як вада Алаха ў пясках.
Я рабыняй была і законам,
І абраным дарыў зару
Невымоўны рай майго ўлоння
І пяшчота вуснаў і рук.
І анёл мне ў дзверы пастукаў.
І спакой. Да сканчэння год.
Дзе яны, мае цёплыя рукі?
Дзе падданыя? Племя? Род?
Белы камень мёртвых кварталаў,
Раз на месяц — казіны крок,
Сон муроў, кенасы і скалы,
Раніц сінь, барва дня, ночы змрок.
Над бяздоннем пячоры-магілы
Сотні вокнаў глядзяць у прастор,
І ламае час свае крылы
Ля магільні на мёртвым плато.
Мела час падумаць пра гэта…
Што такое багацця гной,
Ўлада ўся, ўсё золата свету
Перад простай людской цеплынёй?
Што такое нянавісць у сэрцы,
Кроў, падкопы, людзі-багі
Перад простай ісцінай смерці,
Перад вечнай спякотай магіл?!
Непатрэбная чэрапу ўлада,
Непатрэбнае золата тло.
І ніхто не скажа: «Ты — радасць».
І не крыкне ў адчаі: «Ты — зло!»
Толькі зрэдку, ў начную спякоту,
У асенні чарнільны сум
Чую з прорвы словы пяшчоты:
«Джаніке! Джаніке-ханум!»
Ціхі кліч у мёртвых кварталах,
Цень імя, што ў далёкіх вяках
Трапятанне і страсць выклікала.
Больш нічога…
Як мала…
Алах…