Мая каралева, мама, папраўдзе, я проста разбіты, я ледзь трываю.
Кароль, як толькі зальецца, настойвае, каб я спасцігаў навуку вайскоўца,
а пасля пачынае спяваць гэтыя маршы й пахабныя песні салдацкіх прывалаў —
там у дэталях пра тое, што зробяць з усімі, хто нам не скорыцца.
Я прашу адмяніць на мае васямнаццаць усе гарадскія святы,
каб ніякіх гармат з феерверкамі, каб ніякіх гулянняў і танцаў,
адзначым цёплым сямейным колам — я, ты, блазан, кат, мысляр і кароль-тата —
у той выкшталцонай залі ва ўсходняй частцы восеньскага палаца.
Блазан хай пачытае вершы, мысляр можа адсутнічаць па важкай прычыне,
а кат смешна апавядае, як у злачынцаў дрыжаць каленкі…
— Ведаеш што, — адказвае каралева, гарэзліва пацепваючы плячыма, —
рабі што хочаш, ты ўсё-ткі прынц,
хай сабе яшчэ і маленькі.