Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я – Курт Пруфер, і мне калісьці
так доўга не даплочвалі браты
Топф, што я стаў працаваць за попел.
Але ладна я – нямецкі інжынер
Курт Пруфер, як апраўдаюцца
габрэі, камуністы, ваеннапалонныя,
што будавалі печы па маіх чарцяжах –
для Дахау, Бухенвальда,
Асвенцыма, Маўтхаўзена,
Магілёўскага гета…
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Попел на вокнах,
падлозе,
сталах,
талерках,
попел – не вызначыць узрост,
пол,
сваяцтва,
невінаватасць.
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай,
я ўвогуле не пераношу спёку пасля 45-га.
Я – найлепшы інжынер фабрыкі «Топф і сыны»,
але гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я ствараю попел дваццаць чатыры гадзіны.
Попел не пахне газам.
Попел пахне перспктывамі й поспехам.
Калі не я, дык хтосьці іншы б,
іх так многа,
як туфель, зубоў, дзённікаў, –
проста попел.
Нават пад страхам гулагу,
усё адно б,
бо хто, калі не я.