Мінская песня

penbelarus.org · Вальжына Морт - Мінская Песня

Няміга цячэ
праз вушка іглы.

Няміга цячэ
праз ныркі сабак.

Мармуровыя статуі –
трах аб зямлю,
і точаць сабою
Нямігі лязо.

Белае цела
гораду-крыві,
Нямізе-рацэ
Няміга-труба.

Нам у школе Нямігай
сяклі па рукох,
нам у школе Нямігай
прамылі мазгі
за тое, што мы знайсці не маглі
Нямігу на мапе зямлі.

А нам на Нямізе
мянялі багоў, як коней
на запятках.

Няміга цячэ па адваротным
баку мапы.

Горад трымае Нямігу,
як фігу,
за спінай,

а па Нямізе вязуць да нас
манга, какос, ананас.

Воўкі-лісы – па норах.
Птушкі – па гнёздах на дрэвах,
а ў ствалах – кругі па вадзе
разыходзяцца
гадавымі кольцамі.

Няміга цячэ –
час стаіць.

Гусі-гусі, га-га-га,
што вам сніцца?
Ня-мі-га.

Куры-куры, ко-ко-ко,
Няміга – зубровае малако.

Няміга-матка,
дай яйка,
каторае з’ем на небе,
і адпусці нас
з куляю ў галаве,
як і мы адпускаем
вінаватых нашых.

Куля-рыбка,
жук-мяса,
цячэ рэчка,
ну і намастэ.