Мне сказалі што вершы

penbelarus.org · Павел Капанскі - Мне сказалі што вершы

мне сказалі што вершы
трэба пісаць з надрывам

так нібы сэрца вырваў з грудзей
і паклаў перад ёй яшчэ да таго
як падняліся вы па лесвіцы
зайшлі ў пакой і распрануліся
а яна пасміхаецца і пачынае яго таптаць
топча і топча
пэцкае ногі і думае
што праз некалькі год
з крыві будзе добры кагор
потым знянацку сыходзіць
а з донарскага органу
распранае крылы свае
журавель
і ляціць у пошуках новага сэрца

мне казалі вось так пішуцца вершы

а я чуў што верш
гэта цягнік на які насаджваеш метафары
як саставы састаў за саставам састаў за саставам
і вось верш ужо такі доўгі і магутны
ён аж ірвецца ў бой
толькі яго не прапусцяць на мяжы
бо ў саставах апаснае рэчыва
для якога людзі вучацца ўдыхаць
вушамі і затрымліваць яго ў галаве
для найбольшага прыходу
заплюшчыўшы нос, рот і нават вочы
і цягнік твой начынены рэчывам
і з месца магчыма не сойдзе
бо яго рухавік — чытач
найгоршы сярод памежнікаў
таму цягнік скрыпіць ля перона
новымі саставамі
толькі не дае спаць
сабакам
у прыватным сектары

я чуў што верш менавіта такі