На беразе

penbelarus.org · Паліна Качаткова - На беразе

— Эй, ты, там! На тым беразе! Дура! Прастытутка!

Хлопчык маленькі гайдаецца на вярбе і крычыць як толькі можа гучна:

— Ты, там! Дура! Прастытутка!

На тым беразе гуляюць жанчына з дзяўчынкай. На каго крычыць малы — незразумела. Можа, на адну з іх, можа, — на абедзвюх, а можа, — і на ўсіх жанчын, якіх спаткае ў жыцці. Гэта так проста і прыемна крычаць:

— Дура! Прастытутка!

Ён у захапленні — яго не дастануць, ён на іншым беразе, яго наогул наўрад ці чуюць, а калі і чуюць, то не звяртаюць увагі. Ды хіба жанчына з дзяўчынкай могуць падумаць, што іх тычацца тыя словы, якія маленькі хлопчык у захапленні выкрыквае з іншага берага.

І відаць, што слова «прастытутка» здаецца яму самым абразлівым з усіх словаў:

— Прастытутка!

Вельмі абразліва.

* * *

На тым беразе гарыць трава. Красавік. Нехта падпаліў сухую траву, і высокі бераг зрабіўся вогненным. Пахне дымам. Ад ракі цягне вільгаццю, у вадзе плаваюць вадзяныя пацукі — іх жыццё можна назіраць, калі сядзіш над вадой ціха і не варушышся. Хутка кладзецца змрок, а з ім з’яўляецца і холад. Шугае полымя ў цемры… злізвае сухую траву з таго берага, пакідае за сабой адно — чорную зямлю. Не бачна ў цемры вадзяных пацукоў. Трэба ісці дадому. І тут з’яўляюцца галасы. Маладыя. Гавораць між сабою людзі, нябачныя ў цемры.

— Цікава, а што, калі б тады яна засталася жывая? — сказаў адзін.

— Не засталася б… Я сам ледзь выбраўся, — адказаў яму другі, таксама нябачны.

— Але калі б тады даведаліся… Цябе пасадзілі б…

— Не пасадзілі б… У дзевяць гадоў не садзяць…

— Ой, ну што вы, давайце пра што-небудзь іншае, — гэта ўжо жаночы голас.

— Пасадзілі б, пасадзілі… Забралі б у спецыяльную школу для «малалетак».

— За што? Я сам мог загінуць, яна ўчапілася мне за ногі і не адпускала, а лёд крышыўся… У мяне ўжо не было сілаў.

— І таму ты адбіваўся ад яе нагамі…

— Гэта быў няшчасны выпадак… Мне было дзевяць гадоў…

— Хлопцы, супакойцеся, а то я зараз пайду дахаты.

— Няшчасны… Толькі ніхто так і не даведаўся, што тут было… Інакш бы ты сеў.

— А я і так сеў….

— Сеў… Толькі не за гэта…

— А якая розніца?

— Але калі б тады даведаліся, што мы…

— Усё, хопіць, — сказала дзяўчына. — Яе даўно няма, а мы ёсць.

Тры чалавекі схіліліся над кволым агеньчыкам, які трапятаў ля самай зямлі і ніяк не хацеў разгарацца. Яны спрабавалі распаліць вогнішча. І быў з імі яшчэ адзін чалавек — маленькае дзіцё ў вазочку. Яно маўчала ўвесь гэты час і раптам заплакала… Прачнулася…

Дзесяць гадоў таму ў гэтым месцы ўзімку ўтапілася дзяўчынка. Разам з санкамі. Тады ўсе здзіўляліся, як і чаму яна пайшла на другі бераг адна.

* * *

Беларуская мова таямнічая, як падзеі ў кнігах пра старыя дамы і прывіды, як люстэрка ў спальні… Мова прывідаў…
Заўсёды хацелася напісаць такое апавяданне… Ноч. Чалавек спіць, але вельмі трывожна. Уначы ён чуе розныя гукі: то незразумелыя крыкі на рацэ, то вецер у дрэвах, то катоў на гарышчы, то быццам бы нехта ходзіць, рухаецца ў цемры, то начныя матылькі б’юцца ў акно. І так неспакойна спіцца гэтаму чалавеку, так часта ён прачынаецца… І адчувае: навокал усё варушыцца, жыве сваім жыццём, а ён чуе адно — водгулле таго начнога жыцця — цені на сцяне ды начныя крокі. А дом, у якім спіць чалавек, стаіць на беразе ракі. Зранку чалавек прачынаецца, выходзіць на бераг, заходзіць у ваду і плыве на той бераг. Жоўты пясок на дне, вада — халодная пасля ночы, хвалі пасярэдзіне ракі перашкаджаюць плыць. Ён пераплывае раку, выходзіць на бераг… І вось тут… Край. Тут усё абрывалася. Я не ведала, абсалютна не ведала, што будзе далей. У адным варыянце ён знаходзіў пячору з выявай змяі, а перад выявай — слоік з засохлымі палявымі кветкамі. У іншым варыянце ён сустракаў сімпатычнага звярка, які гаварыў чалавечай мовай і пачынаў з ім сябраваць — ішоў поруч і размаўляў. У яшчэ адным варыянце — нічога не знаходзіў, нікога не сустракаў і вяртаўся ў свой дом на беразе ракі… Але такое апавяданне не было напісанае, бо незразумела, як яго пісаць.

На беразе Дняпра ёсць вялікія камяні. Розныя. Ёсць ахвярны камень. У ім пасярэдзіне выбітая адтуліна для крыві, як рана, як парэз у камені. Вясною, восенню і нават летам у самае гарачае надвор’е ў ім стаіць вада. Узімку вада замярзае, камень пакрываецца ледзянымі карункамі. Побач з каменем — крыніца. Летам яе хаваюць хмызы, і толькі той, хто ведае, дзе яна, можа напіцца з яе. А ўзімку крыніца навідавоку — у ёй можна бачыць самыя дробныя каменьчыкі на дне, нібыта вады і няма.

* * *

На беразе ёсць чорны камень і ёсць белы. Летнім днём сонца награвае белы камень, але ўначы белы камень хутка астывае і робіцца зусім халодным. А чорны камень і ноччу цёплы. Калі прыйдзеш пагаварыць — каля белага каменя абавязкова сарвешся, пасварышся, паскандаліш. На чорным камені зусім не хочацца сварыцца. На ім добра сядзець і спакойна гаварыць пра тое, чаго ніколі не было і не будзе. Апоўначы вакол чорнага каменя збіраецца туман.

І вось маленькі кудлаты сабачка, які ціха побач са мною сядзеў на камені, пачаў гырчэць у цемру і дрыжаць. З туману з’явіўся хлопец з перавязанай рукой.

— Вы не бачылі тут хлопца з дзяўчынай?

— Не…

— Дайце прыпаліць. Вы не падумайце, у мяне былі свае цыгарэты. Але я тут… адышоўся, і знікла ўсё — сябар, дзяўчына, а цыгарэты і яшчэ нешта маё ў іх засталося.

— Усё, не шукай ты нічога — звёў сябар дзяўчыну, выпалілі яны твае цыгарэты і выпілі тваю гарэлку. І яшчэ нешта зрабілі… Ці яшчэ зробяць… А што ў цябе з рукой?

— Парэзаў на працы.

— А кім ты працуеш?

— Уцілізатарам…

— А што вы утылізуеце?

Хлопец паглядзеў на сабачку, які сядзеў на камені, і сказаў:

— Вось калі памрэ ваш сабачка, вы яго да нас прыносьце, а мы вам замест яго мех касцявой мукі выдадзім.

* * *

І яшчэ хацелася б стварыць кліп песні на словы Максіма Багдановіча: «За дахамі места памеркла нябёс пазалота». Сучасны хлопец, сучасна апрануты (да 25 гадоў) адключае інтэрнэт на сваім камп’ютары ў звычайным пакоі. На экране камп’ютара — застаўка: начны матылёк — бражнік «мёртвая галава». Хлопец устае з-за камп’ютара, ідзе на кухню, глядзіць у акно. За акном Мінск. Шматпавярховыя дамы, траса Мінск–Масква. Раптам за акном з’яўляецца рой матылёў, яны трапечуцца і зацягваюць юнака, як вір. І ён апынаецца ў пакоі пачатку стагоддзя ў прастытуткі. Ён ужо апрануты інакш — на ім форменны кіцель ліцэіста. Побач жанчына. Ён выходзіць на лесвіцу. Па дарозе сустракае наступнага кліента, яны робяць выгляд, што не звяртаюць увагі адзін на аднаго, праходзяць побач быццам невідушчыя. А можа… Адзін з іх сапраўды не бачыць. Недзе наверсе зноў адчыняюцца і з грукатам зачыняюцца дзверы… Юнак выходзіць на вулкі Вільні. Начны праход пад Вострай брамай, паварот да абраза, але ён зачынены на ноч… Вадасцёкі па баках вуліцы блішчаць пад ліхтарамі. Ён трапляе на зусім цёмную вуліцу, глухую, ліхтары свецяць здалёк. Мост… вада пад мостам. Начныя краявіды Вільні. І вось з’яўляецца барочная скульптура з касцёла Пятра і Паўла ў Вільні — вялікая белая смерць б’е ў барабан, і эфект такі, быццам бы адна з палачак у яе кранаецца з месца. Зноў з’яўляецца рой матылёў. Гасне экран камп’ютара…

* * *

Восень. Ужо не жоўтыя, а шэрыя лісты чапляюцца да абутку, наліпаюць і цягнуцца ў дом. Мышы таксама ідуць у дом, таму патэльні на пліце трэба пераварочваць дагары дном, каб мышы не поўзалі. Мышы ўладкоўваюцца ў доме, рыхтуюць сабе гнёзды. Падаюць ноччу з шафаў плюшавымі шэрымі камякамі і пішчаць. І неўзабаве лёд пакрые раку, і праз яе ляжа дарога — можна будзе пешкам хадзіць на той бераг.

9 снежня 2007 года, Вільня