Надзея, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні

penbelarus.org · Алесь Разанаў - Надзея, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні

Мусім тлумачыць усім i сабе таксама, што азначаюць нашыя словы, i прыкладаць ix да нейкай, схаванай у памяці, меркі, каб ім вярнуць першаісны змест.

Мы на паверхні з’яваў: усё, чым былі мы істотныя, засталося ў пластах глыбіні, i хоць мы не вандроўнікі, мы ўсё адно ў выгнанні, i забароны кіруюць намі, з дня ў дзень прывучаючы нас зразумець ізасвоіць, што дазваляецца нам, што — не…

Цьмяныя нашы мэты, і, асягаючы ix, пярэчым шчырым сваім памкненням: усё-ткі мы трацім усякі раз болей, чым здольны набыць.

Мы ў спрэчцы з сабой.
Але, быццам багіня кранае рукой за касмык валасоў, незаўважна для ўсіх астатніх, угневанага Ахіла, нас раптам кранае спакой —
i мы пазіраем з надзеяй, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні, у тое, што мае быць.