Назавіся сабакам

penbelarus.org · Стась Крапаў - Назавіся сабакам

Калі цябе будуць судзіць – назавіся сабакам.
А калі, напрыклад, спытаюць: «дзе жывяце?»
Скуголь, што жывеш на вуліцы, скуголь: «за бакам».
Паказвай мягкі жывот з поўсцю на жываце.
Паводзь сябе добра. Кепска выглядай ранкам.
Пакутуй за ўсе сабачыя і людскія грахі.
Ляжы на спіне. Скручвай хвост абаранкам.
Хай нос твой будзе вялікі і заўсёды сухі.
Працягвай лапу. Таму хто яе сціскае
Важна не лапа, а акт дарэння як дар.
І будзь упэўнены, прыйдзе любоў людская
Пішы: сабака, – прыпішацца гаспадар.
Ён прыйдзе сам, бы выразаны з іконы
Без рыс і складак голаў схіліўшы ніц
Глядзець на сметніцу са свайго балкона
І міраточыць з агромных цёмных вачніц.