Нібы месца, з якога назіраеш…

penbelarus.org · Кацярына Оаро - Нібы месца, з якога назіраеш...

Нібы месца, з якога назіраеш, раптам перамясцілася ўверх: адлегласці зрабіліся нязначнымі, сцены ― тонкімі і ўмоўнымі. У розных частках Мінска ― па яго ўскраінах і праспекце, на розных паверхах ― спалі людзі. Іх атулялі коўдры — з кветачкамі, проста белыя, з геаметрычнымі фігурамі. Пад адну коўдру сыходзіла сіваватая барада Сямёныча, і было раскрыта яго татуіраванае плячо. У іншай кватэры, на іншым паверсе з-пад пледа выглядвала акуратненькая Адэліна ножка. Вялікая ступня Паленава звісала з ложка, як з паліцы ў плацкартным вагоне. Накрыўшыся да носа спальным мяшком, пахропваў Мацвіеня з сабранымі аранжавай гумкай калматымі дрэдамі. Сапла Наста са свежай, лёгкай стрыжкай, у чорнай масачцы на вачах. Злёгку падрыгвалі светлыя вейкі Цімоха. На начным століку адпачывалі на кнізе рэдактарскія акуляры, і Улад спаў мёртвым сном, набіраючыся сіл для мітусні дня.

Людзі гэтыя прачыналіся каля паловы на восьмую, рэзка садзіліся на ложку, спакойна сцягвалі павязку з вачэй, ішлі ў душ, мудрагеліста закручвалі дрэды, ставілі чайнікі, выкладвалі тварог на сподак, закурвалі, уключалі музыку, разміналі голас, раніліся голячыся, цалавалі каханых, думалі “Што ж сёння будзе?”, шапацелі газетай, правяралі пошту, слізгалі пяткай па лыжцы для абутку, бразгалі дзвярыма і прыязджалі ў рэдакцыю.

Потым увесь дзень працавалі і прыслухоўваліся, як да навальніцы, як разыходзіцца па сайтах тое, што яны замерылі і запісалі. Як абмяркоўваюць іх рэпартаж і ляцяць у іх першыя паклёпныя стрэлы…