Ноч праміне, і абвострыцца зранку

penbelarus.org · Югася Каляда - Ноч праміне, і абвострыцца зранку

Ноч праміне, і абвострыцца зранку
відаў энэргіі ліхаманка,
і разбурае зацішша груба
ад калатнечы малекулаў грукат.

Горад грукоча двароў трыбухою,
мокрай дарогаю, дахаў лускою,
негабляванымі дошкамі плотаў,
белымі шнарамі ад самалётаў,

чорнай слатою крутога замесу,
лесам за трасай; і бачны за лесам
горад, таксама захоплены гэтым
кровазваротам бяз сэнсу і мэты.

Розум адзіны дае табе фору
кроіць уласнай матэрыі форму,
Стыкс пераплысьці каналам абводным…

Штосьці трымае. Любоў, верагодна.