Новую зіму мне не перажыць

penbelarus.org · Стась Крапаў - Новую зіму мне не перажыць

Новую зіму мне не перажыць. Запішы.
Восенню буду хварэць на тугу і ангіну.
Ў снежні, пішы, удыхну (і ўдыхнуўшы загіну)
Пах мандарынаў і елак на кірмашы.
Не перанес. Напішы, што зіму і тугу.
Месяц у марным чаканні новага года
Пройдзе ізноў незаўважна і знікне нагода
Нешта чакаць. Не чакаць – запішы – не магу.
Так і пазнач, што не вынес. А лепш, што не стаў.
У верасні з гэтай тугой жыць цяжэй чым з віною.
Выйшаў і йшоў. Напішы, што, здаецца, Дзвіною.
Знік, напішы, што, здаецца, ў раёне Пастаў.
Што ён убачыў ў дарозе? Давай, памагі –
тут спадзяюся, што ты разбярэшся з прадметам.
Я бы сказаў: адпаведна народным прыкметам
Рухаўся, бачачы збольшага пальцы нагі.
Птушак не бачыў і, чуючы іх галасы,
Грэў свае ногі на беразе ў восеньскай ціне
І уяўляў як ляціць і ляціць павуцінне
Рамам на шыбы і мамам ляціць ў валасы.
Пахлі палі, запішы, тыпаграфскім свінцом –
Жалі ўраджаі на першых палосах газеты.
Больш не пішы анічога. Цяпер, балазе ты,
Бачыш сама: гэта будзе някепскім канцом.