Опера

опера –
гэта рыбны кірмаш
дзе рыба сьпявае срэбрам свайго цела
вось дырыжор замахваецца нажом
і быццам з невадаў са сьпевакоў
высыпаецца глыбакаводная рыба
і калі яна б’ецца аб дрэва стала
і ў гістэрычным пошуку мора
зьлізвае пот з рук свайго гандляра
і глытае кроў што струменіцца на падлогу
у спадзяваньні яе вярнуць у нутро –
срэбра лускі выплаўляецца ў кулю
і куля меціць у рыбіну скронь –
сьпявай!

яна ж ня ведала там пад вадою
што бярэ з кручка не нажыўку
а ноту
што вуда змайстраваная Страдывары
як зьмяя ёй укусіць сэрца
тры разы –
асана! асана! асана!
тры званкі –
для айца духа і сына

хто ты – дырыжор ці сьвятар?
палачка гэта ці крыж?
ш-ш-ш!

опера!
у вушах тваёй кармэн замест завушніц – бубны
сэрца яе як валторна харчуецца вуснамі
у венах ня кроў – а сьліна пацалункаў
а кроў яна носіць звонку сукенкаю
о кармэн! мы выносім з тэатру
кантрабанду што ты схавала ў нашых вушах

о хасэ! стройны быццам лязо нажа
ты паставіш апошнюю ноту
на нотным стане цыганскіх рэбраў

опера!
дэгустацыя галасоў на галодны страўнік!
вінаграднік
тваіх гардэробаў!
мне б бегчы праз яго басанож
насустрач невядома чаму
з асой што заляцела мне ў вуха
як не расчухаць?

віялета! з твайго роту вырасла дрэва
а дзе ж яго птушка
каб сьпявала на верхавіне
што ж ты ёй абадрала пер’е
і запхнула сабе ў грудзі
зьлева

опера – ты параненая цемра
на целе залы – рана сцэны
твае гукі бягуць з іртоў
як пацукі з тонучых караблёў

але чырвоная заслона
як чырвонае мора перад маісеем
ізноў расступаецца
і мы рухаемся па дарозе
па нашых ракавінах вушных
да самай доўгай апошняй ноты –
да цішыні