Па-рады-актыўнаму фону

penbelarus.by · Даша Бялькевіч - Па-рады-актыўнаму фону

Радыяцыя самасвядомасці,
Недарэчнасць і хворая здольнасць.
А мы – апошнія жыхары Прыпяці,
“Йоду-налейце-выпейце”,
Наш ордэн усе роўна
У гуку [ Г ] і У нескладовым.

Вучу я нанова,
Пераадольваю стому,
Узгадваю словы,
Кожнае з іх
Коле язык
Аскепкамі шкла па вуснах і роце.
Быццам, забыўшыся, у журбоце
Кінуць вырашыла манету
І хлебанула з пакету
Сока, куды заляцелі восы.
Востра соладка, востра пякуча,
Востраў слёзны, плакучы, балючы,
Глеба атручаная
Будзе народжваць
Гадоў пяцьсот
Гадаў з хворымі шчытавідкамі.
Доктар будзе ўвачавідкі
Лячыць іх ад акання-якання,
Дзекання-цекання… БОЛЕЙ ЙОДУ!

Мова не ўваходзіць у моду.
Мова даўно на шчыце.
І па шчацэ цячэ.