Падарункі

penbelarus.by · Даша Бялькевіч - Падарункі

Што рабіць з падарункамі
Ад мужчыны, які ажаніўся з іншай жанчынай?
Спачатку вяселле, пасля наваселле,
Гадавіна шлюбу, дзіця нараджэнне…
А я… Сяджу на падлозе
І перабіраю падораныя табой рэчы.
Рэчы – сустрэчы.
У рэчах – пустэча,
І без рэчаў – пустэча.
Дык што рабіць з падарункамі?
Выкінуць?
Дык што рабіць з сабою?
Выкінуць?
У цябе свая вера, у мяне свая.
Толькі прашу, не насі шэры,
Шэры табе не пасуе.
У астатнім у цябе бездакорны густ,
Асабліва на ўпрыгожванні:
На брошкі, музыку, кампліменты
І МУЗ.