Палёт над Хрышчацікам і Нямігай

penbelarus.org · Стась Крапаў - Палёт над Хрышчацікам і Нямігай

І я б не стаў і не пайшоў сцяною,
Я б сказаў сабе, што не па мне адзежа:
Быць адным з васьмідзесяці пад прасціною —
Гэта не тое, стары. А як жа і дзе жа
Гучыць гэты голас, няісны, нязвонкі?
Гэта мой сорам, сорам, гэта ўсё скруха, скруха —
Выгналі б з дому, гналі б мяне вонкі,
Цягнулі б, цягнулі, як бацька цягаў за вуха.
І бег бы я па Хрышчаціку ці Нямізе
Па Мінску, Кіеве, да сваіх, а потым
Страх бы абняў і сказаў бы: куды? суніміся!
І спіну маю абліў бы халодным потам.
І я б адчуў, як пахне гарэлай гумай,
І я б убачыў усё на сваім ваколлі,
Як хлопчык, што ў слухаўку гучна кажа «бягу, мам»,
Ужо не бяжыць. І не пабяжыць ніколі.
А я б паляцеў па Хрышчаціку і Нямізе
Дамоў над Мінскам і Кіевам, ну а сорам
Застаўся б там. Застаўся бы недзе ўнізе,
І бег бы за мной, і глядзеў бы ўслед з дакорам.
Бо я ж не стаў і не пайшоў сцяною,
Я ж сказаў сабе: «Што за адзежа такая —
Адна прасціна на ўсіх, хто пад прасціною?..»
Божа, вось рукі мае. Хай сорам іх не адпускае.