паміж вечарам і вечнасцю розніцы асабліва няма —
яны стаяць цяпер за тваёй спінай,
па-панібрацку паляпваючы па плячы,
таму разняволься і ўсё ў абдымкі прымай,
не ўнікаючы — кулі ці кулічы
ты рыхтуешся заўтра без допінгу здзейсніць скачок,
таму што трыпутнік не прыкладзеш да горычы без падставаў,
таму што чакаеш, што хтосьці прыйдзе падставіць плячо,
а потым употай дзякуеш, што не падставіў
у сутонні асабліва востра адчуваеш мяжу ўсяго,
лінія жыцця супадае, таючы, з лініяй далягляду,
штосьці вярэдзіць, нібыта блізкая прысутнасць Яго,
таго, хто небакрай адхінае на Дзяды і Каляды
паміж вечарам і вечнасцю выбару асабліва няма,
паміж выбарам і выраем, наадварот, пралегла вечнасць,
рыбы чуюць тваё маўчанне, і можаш рашаць сама,
калі класціся спаць, калі пакідаць веча