Павел Гюле. Урывак з рамана “Вайзэр Давідзік”

penbelarus.org · Павел Гюле - урывак з рамана "Вайзэр Давідзік" (пер. М. Шода)
Памаранчавы шар нарэшце знік за лесам, на небе разлілося чырвонае зарыва, на фоне якога з галавакружнай хуткасцю мільгалі чорныя кропачкі жамяры, і тады Вайзэр устаў, падаўшы руку Эльцы, і яны пайшлі далей, у кірунку стрэльбішча. Мы рушылі за імі, як духі — хутка і бясшумна. Прайшлі паўз стары лес, потым уздоўж лагчыны за стрэльбішчам, адкуль вузкай сцежкай пятлялі ўверх між панурых букаў і ляшчыны, далей нашая дарога перасекла рэмбэхоўскую шашу і далей ужо без перапынку лесам вяла ў невядомым нам кірунку, усё далей ад дамоў Брэнтова. У распаленым паветры, якога не развяваў ніякі, нават самы слабы павеў ветрыку, адчуваўся пах жывіцы і высушанай кары. У цёмную бязмесяцавую ноч, калі толькі зоркі моўчкі паглядалі на нас, будынак нячыннай цагельні, які нечакана вырас перад нашымі вачыма, падаваўся вялікім гмашышчам з вежай коміна, якая, здавалася, сягала да неба, чорнымі ямінамі вокнаў і скоцістым дахам, аголеныя кроквы якога пужалі сваім выглядам, нагадваючы рэбры вялікай жывёліны.

Мы нясмела стаялі на ўскрайку лесу, і толькі гучны голас Вайзэра вярнуў нас да рэальнасці. Ён нешта казаў Эльцы, а тая адказвала яму рванымі фразамі. Словы даносіліся аднекуль з глыбіні, шматкротным рэхам адбіваючыся ад пустых сценаў. Было ясна, што яны недзе ўнізе, хутчэй за ўсё ў сутарэнні. Мы на дыбачках прабраліся паўз чыгунныя ваганеткі і чалеснікі печы для апальвання цэглы. У той частцы залы, адкуль даносіліся галасы, падлога была драўляная і ў дадатак спарахнелая. Трымаючы боты ў руках, мы як мага цішэй падышлі да адкрытага люку. Ад яго ўніз ішлі сходы. Раптам пад намі заблішчэла святло запалкі, а адразу пасля — свечкі, якую Элька паставіла каля сцяны. Мы прыляпіліся тварамі да дошак: на шчасце, шчыліны былі такія шырокія, што мы бачылі ўсё як на далоні. Элька па-турэцку ўселася каля сцяны непадалёк ад свечкі. Пасярэдзіне, таксама на падлозе, сядзеў ссутулены Вайзэр, падавалася, ён маліўся. Яны маўчалі, а я каўтаў сліну і адчуваў, што зараз здарыцца нешта страшнае. Я чуў, як мая ўласная кроў Ніягарай білася ў кожнай жылцы і судзіне.

Элька раскруціла скрутак. У мігатлівым ззянні свечкі я ўбачыў у яе далонях дзіўны музычны інструмент. Ён нагадваў злучаныя міжсобку дудкі рознай даўжыні, якія яна паднесла да вуснаў, чакаючы знаку ад Вайзэра. Нарэшце, калі ён узняў галаву, мы пачулі першыя гукі, дзіўна далёкія ад нас, быццам нехта на вяршыні гары граў павольную і поўную суму мелодыю. Тэмбр інструмента быў мяккі і раскалыханы. Вайзэр устаў. Падняў рукі і хвіліну заставаўся ў гэтай позе. Мелодыя рабілася ўсё жывейшаю, музычныя фразы вырываліся адна за адной, але ўвесь час вяртаючыся да той жа тэмы. А Вайзэр, той самы, якога мы ўбачылі на свята Божага Цела ў воблаку кадзільнага дыму, той самы Вайзэр з аэрадрома і заапарка ў Аліве, Вайзэр, які выйграў матч з вайсковымі, танчыў цяпер пры святле свечкі пад мелодыю, найграваную на смешных дудках. Танчыў у падвале зруйнаванай цагельні, уздымаючы туманы пылу, раскідваючы рукі ўверх і ў бакі, нахіляючы галаву ў розных кірунках. Танчыў усё больш хутка і рэзка, быццам мелодыя, якая з кожным тактам прыспешвалася аж да немагчымасці, трымала яго ў сваёй уладзе. Танчыў, быццам яго апанталі дэманы дрыготак і скокаў, танчыў з прымружанымі вачыма, быццам упіты ўшчэнт вясельны госць, танчыў, як звяр’яцелы шаленец, які не знае меры, мяжы і стомы, а нашыя зрэнкі пашыраліся ўсё больш і больш, бо мы раптам убачылі кагосьці зусім чужога. Гэта ўжо не быў Вайзэр, наш аднакласнік, які жыве ў трынаццатай кватэры на другім паверсе, унук спадара Абрама Вайзэра, краўца. Гэта быў нехта страшліва незнаёмы, трывожна чужы, нехта, хто праз збег абставінаў з’явіўся цяпер у чалавечай постаці, якая відавочна абмяжоўвала яго рухі, і імкнуўся вызваліцца з нябачных путаў цела.

Раптам музыка сціхла. Гэта было яшчэ больш незвычайна, чым калі б сярод гукаў дудак загучаў арган ці паляўнічыя рогі. Вайзэр упаў на падлогу. Чырванаваты пыл уздымаўся вакол яго фігуры, а ў святле свечкі я ўбачыў вірлівыя струменьчыкі пылу такога самага колеру. Я не паспеў падумаць, што гэтая ціша гучыць так злавесна і жахліва, як Вайзэр адкрыў вусны, быццам хацеў аддыхацца, і мы пачулі нізкі мужчынскі голас, які прамаўляў незразумелай мовай нейкія рваныя фразы. Мне здавалася, што чыясьці рука дакранаецца да маёй спіны, і я ведаю, што гэта была ілюзія ад жаху, бо голас, зусім чужы і суворы, выходзіў з горла Вайзэра, быццам ён казаў, сам пра тое не ведаючы. Вочы яго былі заплюшчаныя. Кулакі сціскаліся і расслабляліся пры кожнай фразе. Ён выглядаў змучаным чалавекам, які з вялікай пакутай і насуперак сабе выцэджвае гукі праз сціснутае горла. Толькі калі ён спыніўся і стаў падобны да мёртвага, я паглядзеў на Эльку. Яна нерухома сядзела пад сцяной, і гэта была ўжо не Элька, а драўляная лялька. Яе вочы ўперыліся ў Вайзэра і былі падобныя да шкляных пацерак на тварах лялек з дзіцячага тэатра. Яны нават не варухнуліся і не міргнулі, калі нарэшце Вайзэр падняўся на калені і перасунуў свечку бліжэй да сярэдзіны. Тады гэта і адбылося. Вайзэр стаў на абедзве нагі, раскінуў рукі як для палёту і вельмі доўга стаяў, углядаючыся ў полымя свечкі. Я не ведаю, у які момант, праз які час я заўважыў, што яго ногі не дакранаюцца да глінянай падлогі. Спачатку я палічыў гэта марывам, але стопы Вайзэра ўсё выразней адрываліся ад падлогі. Так, усё яго цела цяпер вісела ў паветры, за трыццаць, а можа, сорак сантыметраў ад зямлі, і паволі ўздымалася яшчэ вышэй, быццам яго падтрымлівала нябачная рука.