Проста быць побач

penbelarus.org · Ганна Комар - Проста быць побач

Проста быць побач – 
рэзаць пірог і маўчаць,
лагодныя драбкі цішы
выпускаць на стол,
ведаць, што вастрыня 
нажа – не метафара,
а частка нашай 
агульнай прасторы.
 
Рэзаць пірог 
і маўчаць,
не перакрыкваць
дождж. 
Дазволіць усім
удзельнікам сцэны
граць свае ролі.
Няхай застануцца 
у свеце толькі 
гэтая імітацыя 
сонца і гэты нож.
 
І верш няхай зусім
не пра вас,
і кран цячэ,
і рэчы жывуць
уласным жыццём.
А вы паднясеце 
да рота кавалкі
вільготнага пірага,
запоўніце рот
літарамі яго,
загаворыце мовай,
што аддае больш,
чым бярэ, – 
гэта і ёсць любоў.
 
Разам маўчаць – 
значыць мець давер,
не маючы словаў.