1
Я малюся дрэвам і словы сунуцца ўздоўж маіх ног статкам нямой скаціны.
Я малюся драўлянаму мясу, што ніколі не кінула сваіх каранёў.
Я і сама – мяса, ўплеценае ў нітку думкі.
Я малюся дрэвам:
ззяе ў цемры – квадратная зорка
рамы вакна ў маю першую спальню.
Прывіды, мае выхавальнікі!
У верхавінах ліп – дыхайце, мае прывіды,
(кроў у мае вушы!),
у ліпах – скроні маіх мёртвых, плечы
маіх мёртвых – у зялёных люстэрках.
2
Хіба так можна, што дрэвы – з гэтай зямлі
і я таксама – з гэтай зямлі?
Пад цяжкасцю бялізны вяроўка сярод бязважкіх дрэў,
крываўнік, лопух, Баха фуга, Баха
цішыня на нашых папраных, мокрых прасцінах.
Бах фугі, Бах цішыні варочаецца ў свідравіне зямлі.
Партрэты мёртвых – за шклом серванту.
Закрый фіранкі – мёртвыя глядзяць, без руху.
Адкрый фіранкі – яны дрыжаць.
Закрый фіранкі – яны глядзяць нямыя.
Адкрый фіранкі – яны шэпчуць.
Як некалі жывыя слалі птушак з паведамленнем,
шлюць мёртвыя нам дрэвы
з іх шэптам.
Дрэвы, фіранкі – варушацца,
імі мёртвыя выціраюць малітву
са сваіх языкоў.
3
Свой пах, як зрок, напружылі ў змроку
кроп і мята. Сетка на вакне,
і вецер рукі выцірае аб фіранку.
Ляжу з табою галава да галавы,
а радыё “Жадаю Вам” спявае.
Магіла памяці, магіла
над магілай памяці:
вагоны трунаў цягніком ляцяць,
ляцяць вагоны трунаў цягніком
у зямлю.
Выходзьце, прывіды, падыхаць на прыпынку,
і я прыду абняць вас, прынясу
з сабой гарбаты бэзавай кітайскі тэрмас.