Пунсовая Ружа і сад вядзьмаркі

penbelarus.org · Надзея Ясмінска - Пунсовая Ружа і сад вядзьмаркі

Гэта было даўно. Ля Густога лесу прытулiлася мястэчка. Усе домікі ў ім былі простымі, драўлянымі, а асабняком стаяў стары закінуты замак. Але пачнецца наша гісторыя зусім не з замка, а з самага беднага дома.

У ім жылі брат і сястра, сіроты. Былі яны зусім маладыя – на дваіх не набралі і сарака гадоў – і заўсёды трымаліся разам, як дзве вішанькі на адным чаранку. Хлопец быў цесляром, а дзяўчына – майстрыцай у вышыўцы. І хоць часы тады былi няпростыя i жылі яны надгаладзь, сястра зрабіла каля дома цудоўны сад. Насенне і цыбуліны кветак яна збірала на палях, у лесе, выменьвала на вышываныя карціны. Здавалася, у гэтым маленькім садзе змяшчаліся самыя прыгожыя бутоны і су­ квецці свету. І дзяўчына, гледзячы на свае кветкі, забывалася пра тое, што жыве галодна і бедна. Яны замянялі ёй усе багаццi князёў і каралёў.

Кожны вечар брат, вяртаючыся з працы, распавядаў сястры пра тое, што адбываецца ў мястэчку – бо дзяўчына сядзела дома, вышы-вала і бачыла хіба што свой сад. А брат расказваў пра тое, як стары млынар зрабіў агарод каля лесу, але паставіў там такое недарэчнае пудзіла, што ніводная варона яго не баіцца. I чым гандлявалі ў той дзень на кірмашы, i як беспрытульныя малыя скралi ў пекара хлеб… Сястра звычайна ўважлiва слухала моўчкi, але аднойчы спытала:

– А чаму ты ніколі не распавядаеш мне пра стары замак? – Навошта табе гэта? – паморшчыўся брат. – Пра яго ходзяць страшныя чуткі. Лепш бы яго зусім не было! – Якія чуткі? – пацікавілася дзяўчына.

– Ну, кажуць, што замак зусім не закінуты, а ў ім жыве вядзь-марка. Яшчэ да нашага нараджэння граф, гаспадар замка, ажаніўся другі раз. А яго новая жонка ўзяла і атруціла яго сыноў. Стары граф памёр ад гора, а яго жонка засталася адна ў каменных сценах і пачала вучыцца вядзьмарству. Яна жыве там дагэтуль. Яе, праўда, ніхто не бачыў…

– А я днямi акурат збiралася туды…

– Кінь, няма чаго табе туды хадзіць. Не падабаецца мне гэта месца.

Але сястра заявіла, што хоча вышыць замак на карціне, і таму ёй трэба добра разгледзець вітражы і вежы. Так, упартая была дзяўчына! Наступнай раніцай яна пачакала, пакуль брат пойдзе на працу, сабрала вышыванне ў кошык і выправілася да замка наводшыбе.

А замак, відаць, пуставаў ужо добрую сотню гадоў. Каляровыя вітражы пакрылiся пылам, дзікі вінаград аплёў сцены і садовыя статуі, а сад счэз і даўно зарос пустазеллем. Адно сярод быльнягу і калючага чартапалоху віднелася пунсовая ружа неверагоднай прыгажосці.

Дзяўчына прыхінулася да прутоў велізарнага плота, якi акаляў замак. «Гэтая ружа нібы каралева кветак, – падумала яна, – а расце ў такім брудным, закінутым месцы. Як жа яе шкада! У маім садку я палівала б яе, хавала ад сонца і працірала ад вулічнага пылу кожны яе пялёстак!»

Але дацягнуцца да кветкі дзяўчына не змагла. Плот быў занадта высокі, а брамкі зусім не было. Тады яна вярнулася дадому, дачака-лася брата і наўпрост папрасіла яго выкапаць ружу ў старым садзе.

– Ты што, пераспелых ягад аб’елася? – усклікнуў хлопец. – Ніводны чалавек у сваім розуме не падыдзе блізка да замка вядзьмаркi!

– Ніякай вядзьмаркi там няма, – стала пераконваць яго сястра. – Усё гэта казкi для малых дзяцей. Ты ж сам казаў, што яе ніхто ніколі не бачыў.

– Усё роўна не пайду, – пярэчыў брат.

– Ну, тады я сама гэта зраблю. У сукенцы няпроста цераз плот лезці, таму апрану-тка я старыя бацькавы порткi!

«Яшчэ чаго не хапала, – спалохаўся хлопец. – А калі хто-небудзь з суседзяў яе ў бацькавых портках убачыць? Во сораму будзе!»

А ўголас сказаў:

– Ладна, давай сюды рыдлёўку. Хутка пералезу цераз плот і адразу назад. Думаю, вялікай бяды не будзе.

I пайшоў брат да старога замка, а сястра засталася чакаць. Вось і ноч настала, вось на небе з’явіўся румянец світання, а хлопец так і не вярнуўся.

– Што я нарабіла! – заплакала дзяўчына. – А калі я праўда адправіла яго наўпрост да вядзьмаркi?

З першымі промнямі сонца яна кінулася да замка. Скрозь плот па-ранейшаму была вiдаць цудоўная пунсовая ружа. Каля яе валялася рыдлёўка, а побач рос высокі ядловец, стройны і падцягнуты, як станісты юнак.

Дзяўчына адразу зразумела, што гэта яе брат. Бо ўчора ядлоўца ў садзе не было! Яе ахапіў такі жах, што яна нават заплакаць не змагла – проста села ў здранцвенні ля жалезных прутоў. І раптам за плотам паўстала жанчына, уся ў чорным, з ільдзінкамi-вачыма i бледным тварам.

– Вось што бывае са зладзеямі, – сурова сказала яна. – Ён хацеў скрасці маю ружу, і я за гэта яго пакарала.

– Брат не вінаваты! – закрычала дзяўчына. – Я папрасіла яго!

– Тады ты можаш адпрацаваць за яго свабоду. Стань маёй прыслугай на восем гадоў, і тады да ядлоўцу вернецца ранейшае аблічча. Згодная?

– Згода. Толькі дай мне слова! – Я даю слова, а ты дай мне руку.

Дзяўчына працягнула руку праз дзiрку ў плоце, вядзьмарка схапiла яе за рукаво і тарганула да сябе – і дзяўчо немаведама як апынулася па той бок плота.

– Пунсовая ружа, – задуменна сказала жанчына з бледным тварам. – З-за яе ты тут. Не важна, як цябе звалi раней. Я буду зваць цябе Пунсовай Ружай.

Яна ўзяла дзяўчыну за руку, і тая міжволі зрабіла крок назад – такая халодная скура была ў графіні.

Разам яны ўвайшлі ў стары замак. Там, пры цьмяным святле свечак вядзьмарка ўважліва разгледзела Пунсовую Ружу, яе далікатны твар, шэрыя вочы, бліскучыя чорныя валасы і нахму-рылася. Потым пацягнула яе па лесвіцы ў скля-пенне. Там вісеў вялізны ржавы кацёл, у якім без агню бурліла зялёнае варыва.

– Вы хочаце зварыць мяне ў гэтым катле? – збялела дзяўчына. – За што? З-за кветкі?

Але графіня, не кажучы нi словa, схапіла яе і кiнула туды, ды яшчэ прыцiснула накрыўкай. А потым проста сышла, быццам нічога не здарылася. Пунсовая Ружа выбралася з катла і кінулася да садовай сажалкі, каб змыць з сябе смуроднае зелле. І што яна ўбачыла на паверхні вады? Зблытаныя зялёныя валасы, зморшчаны твар і доўгі нос кручком… Гэтай пачварай стала яна сама! Дзяўчына пабегла назад у замак, але ва ўсіх люстэрках яна бачыла тое самае. Яна стала выродлівай, як дачка троля!

Убачыўшы графіню, якая ся­ дзела на шкуры невядомага звера, Пунсовая Ружа пабегла да яе.

– Здзіўленая? – здзеклiва спытала вядзьмарка. – Так, ты пагадзілася стаць маёй прыслугай, але людзям нельга верыць. Таму твая прыгажосць – заклад таго, што ты не ўцячэш. Калі пройдзе восем гадоў, я вярну яе табе. А цяпер хопіць ліць слёзы, лепш паглядзі, ці няма спраў на кухні.

Так Пунсовая Ружа стала прыслугай. Ёй давялося выконваць са-мую чорную працу, а харчавацца толькі рэшткамi са стала. Ва ўсім замку не было ні душы; печка сама гатавала, бочкі самі напаўняліся віном, але бруд, смецце і цвіль нікуды не знікалі. Толькі адно са-гравала сэрца дзяўчыны: у рэдкія хвіліны адпачынку яна магла выходзіць у сад і гладзіць галінкі ядлоўца, адчуваючы цяпло свайго брата. І з галiнак падалi кроплі празрыстай вады, нібы слёзы. Так шмат нацякло гэтых слёз, што пад ядлоўцам з’явiлася малень-кая сажалка. I калі Пунсовая Ружа глядзелася туды, то бачыла на паверхні сябе ранейшую – прыгожую і маладую.

Праходзiлi дні, тыдні, месяцы, і аднойчы ў старым замку з’явіўся малады чалавек. Аказалася, гэта быў сын графіні. Ён зусім не быў падобны на сваю маці-вядзьмарку: добры, вясёлы, прывабны. Нават змрочны замак у яго прысутнасці станавіўся святлейшы. Толькі вось на душы ў Пунсовай Ружы стала цяжэй. Хлопец ёй спадабаўся, і таму яна старалася як мага радзей трапляцца яму на вочы. Цяпер яшчэ больш дзяўчына саромелася сваіх зялёных валасоў і зморшчанага жоўтага твару.

Аднойчы сын графіні-вядзьмаркі выпадкова зайшоў у каморку, дзе тулілася Пунсовая Ружа, і ўбачыў вышытыя карціны. Каб ад-цягнуць увагу ад чорных думак, дзяўчына вышывала па начах пры свечцы. На адной з карцін была прыгажуня, шэравокая, чарнявая, з ружай у руках.

Хлопец знайшоў на кухні прыслугу, паказаў ёй партрэт i запытаўся:

– Гэта вы рабiлi?

– Я, – адводзячы вочы, адказала Пунсовая Ружа.

– Дзе вы сустрэлі гэтую дзяўчыну? Яна жыве тут, у мястэчку?

– Я ўбачыла яе ў сажалцы пад ядлоўцам.

Сын графіні здзівіўся, але выйшаў у сад і зазірнуў у сажалку. Вя-дома, ён убачыў там толькі самога сябе.

– Там няма ніякай дзяўчыны, – сказаў ён, вярнуўшыся на кухню. – Дзіўна, – развяла рукамі прыслуга. – Калі я гляджуся ў сажалку, яна там ёсць.

– Ну, тады давай паспрабуем разам.

Яны зноў выйшлі ў сад, падышлі да ядлоўца, і малады чалавек убачыў побач са сваім адлюстраваннем прыгажуню з карціны.

– Дык гэта вы? – здзіўлена ўсклікнуў ён.

Пунсовая Ружа кіўнула і расказала, як і за што яе зачаравалi. – Не бойцеся, вы… ты такой не застанешся, – рашуча сказаў сын вядзьмаркі і ўзяў яе за жоўтыя кастлявыя рукі. – Разам мы што-небудзь прыдумаем.

Ён пайшоў да маці і стаў прасіць зняць чары з Пунсовай Ружы. Графіня абурылася:

– Што табе за справа да выродлiвай служанкі, якая мые падлогу i выграбае попел з печы?

– Каму, як не Вам, матухна, ведаць, што на самай справе яна прыгожая.

– Ты, можа, закахаўся ў яе? – з насмешкай спытала вядзьмарка. – А калі і так? – не разгубiўся юнак.

– Нічога не магу зрабіць. Яе брат пакараны справядліва – за крадзеж. А дзяўчына сама пагадзілася яму дапамагчы, ніхто яе не прымушаў мне служыць.

– Але, матухна, занадта гэта жорсткае пакаранне за ружу ў закінутым садзе.

– Што ж, часы цяпер жорсткія, – паціснула плячыма вядзьмарка і сышла.

«Значыць, трэба самому разабрацца, як зняць заклён», – падумаў хлопец.

Ён спусціўся ў скляпенне. Там усё яшчэ стаяў кацёл з зялёным варывам, у якім яго маці выкупала Пунсовую Ружу. Сын вядзьмаркі зачарпнуў гэтае варыва лыжкай і падумаў, што яно вельмі падобнае на звычайны воск, з якога робяць свечкі. А воск мае ўласцiвасць плавіцца.

– З табой нічога дзіўнага не адбывалася, калі ты была каля агню?

– пацiкавiўся ён у Пунсовай Ружы.

– Не, – адказала дзяўчы­ на. – Я ж увесь час ля печкі, я б заўважыла.

«Але калі гэта вядзьмарскi воск, ён растане толькі ад вя­ дзьмарскага агню», – разважаў юнак.

І калі яго маці не было ў замку,­ ён сабраў усе кнігі па чорнай магіі, талісманы і незвычайныя рэчы з усіх пакояў, склаў гэта ў кучу на дварэ і падпаліў. Успыхнуў вялікі агонь, здавалася, ён даставаў да нябёсаў.

У той жа момант Пунсовая Ружа ўскрыкнула. Яна адчула пякельны боль ва ўсiм целе, нібы патрапіла ў зараснікі крапівы. Але вонка-ва яна не змянілася. «Значыць, чагосьці не хапае!» – вырашыў сын вядзьмаркі.

І тут ён узгадаў пра ружу каля ядлоўца. Як магла гэтая цудоўная кветка проста так расці ў звялым недагледжаным садзе? I на яе пя-лёстках не было ніводнай плямкі, яны былі свежыя і ззялі рубінавым колерам.

Шкада было такую прыгажосць, але юнак хутка сарваў ружу і кінуў яе ў агонь. Дым ад вогнішча стаў пунцовым, і па ўсім садзе разляцеўся водар кветкі. Выродлiвае аблічча дзяўчыны стала раставаць, як растае васковая свечка. І калі вогнішча дагарэла, Пунсвая Ружа стала такой, як была раней – маладой і прыгожай. А побач з ёй стаяў яе брат, цэлы і здаровы, толькі на вопратцы ў яго засталіся ядлоўцавыя іголкі.

Пасля таго, як яе кнiгi i рэчы згарэлi, графiня страцiла здольнасць чараваць i стала звычайнай жанчынай. Што стала з ёй далей – так нiхто i не даведаўся. А сын графiнi, Пунсовая Ружа і яе брат пераехалi з мястэчка на іншы край Густога леса. Замак вядзьмаркi неўзабаве разбурыўся, засталiся толькi чуткі і казкі.