П’янка (Гулянка) у дэкарацыях (пачатак)

penbelarus.org · Уладзімір Караткевіч - П'янка (Гулянка) у дэкарацыях (пачатак)

Гародня над морам. Няўжо над морам?
Нешта, здаецца, вучыў, што над Нёманам…
Мабыць, з-забыў… Хвала рэжысёру,
Што прыцягнуў пад Гародню горы!
Волат!
Мог бы спрачацца з Сам-со-манам.
Што-то як двойка па геаграфіі…
Вось жа яно…
У стагоддзі шаснаццатым…
Латнікі п’яныя, войты, графы…
Тр-р-р… А нашто тут студыйны рафік?..
Часу машына?
А што разбірацца там?!.
Плюнь! Віно галоўнае,
Шашлыкі,
Сіні дым…
П’ём сваё, кроўнае,
На працы гарым.
Бач, апостал Павал цягне віно…
Кін-но!!!
Месяц ішачылі
Дзень у дзень…
Што вам тут, Ушачы?
Орша? Бытэнь?
Маеш рач-чыю
Д-дзень у дзень…
Мелі рацыю,
Што ў дэкларацыях,
Без людзей.
Што вам тут, Мёры,—
Пі ды глядзі.
Слава касцюмёрам,
Грымёрам, акторам,
А найбольшая таму, хто даў у крэдыт?
Полымя адбіткі на даўніх мурах,
Вілы, косы, світкі — проста жах!
На шампурах круцяцца, пахнуць шашлыкі,
Сінія агеньчыкі, іскаркі.
Досыць над такімі палілі нас.
Мы іх пусцім дымам…
Наш час!
Вогнішча іскрыцца. Дым. Дым.
Мы ім — інквізіцыю! Мы — ім…
Лі на абрусы,
Паны-беларусы!
Ў гэты апошні і слаўны час
Крымскія лаўры глядзяць на нас…
Мы беларусы даўніх часоў.
Ой, уп’юся!
Дык кінь ты ўсё!
Налівайце шклянкі —
П’янка дык п’янка.
Налівайце іх не святасць
Віном.
Акаянным, але не праклятым
Віном.
А яно нам паможа ўзвесці наш дом,
Радасць, ісціну й людскасць у рукі ўзяць.
Слаўся ў вышніх лаза!
Слаўся лаза.
Слаўся тая, што дорыць кахання сілу,
Слаўся тая, што гора паможа заліць,
Тая, гроны якой нас сёння паілі,
Тая, гроны якой яшчэ спяць у зямлі,
Што малодшым, іншым падораць радасць,
Іх шпурнуўшы ў кахання гарачы вір…