П’янка ў дэкарацыях (працяг)

penbelarus.org · Уладзімір Караткевіч - П'янка ў дэкарацыях (працяг)

Эх, лаза ты мая, без лістоў,
непрыглядная!..
І сядзіць у вянку з лазы вінаграднай,
І смяецца праз слёзы
Аўтар — п’яны сатыр.
О якая туга!
Па-над белымі вежамі сцелецца
Ў чорным небе Батыева Шляха алмазны аркан.
Калі даць камянём па аплеценай віннай бутэльцы,
Атрымаецца ледзь не версальскі фантан:
Сто каскадаў у шчыліны. Глеба з гора
Смокча, сёрбае, цягне нагбом віно…
Ой, кіно!!!
О, як скачуць, якая фантасмагорыя,
Мора, скалы, касцёл беларускі, ноч!
Ноч святое Вальпургі: рук спляценне,
Вежы, мур і горад з сярэдніх вякоў,
На франтонах і статуях ломяцца цені,
Бліскавічна імчаць распатланыя цені
Пад рытмічны пошчак конскіх падкоў.
Конскіх?
Чорта!
Проста ў д’ябла капыта
Рэквізітарам п’яным рупна падбітае,
Бо ў імгненне стопча сярод камянёў…
Ой, кіно!!!
Як на Лысай гары, як на Брокена скалах
Карагодам, віхураю ўецца навала.
Скачуць д’яблы з вядзьмаркамі, скачуць агні,
Ўсё здаецца вось-вось узаўецца ў зеніт
На мяцёлках і свіннях, з бляяннем і віскам,
На казлах і качэргах, як смерч, як вятрыска…
Звон падковаў і з белай званіцы звон,
А магчыма, ў мазгах утрапёных звон…
Звон.
Звон.
І віно, і ўзлёт, і водбліск пажараў,
І бляднеюць зоры ад нашай мары
У прадчуванні новага светлага дня.
Пеўня крык.
Цішыня.
Разлілося святло.
Цішыня.
Цішыня. Над туманным масляным морам
Узвышаюцца вежы снежным узорам.
Мёртвым сном войска мёртвые спіць на
зямлі…
Мо манголы прайшлі?
Мо гуны прайшлі?