руш – Паручхепа, сын Дівода̄саў
чуйце Аґні стаўлю я на чале празорам
ніня гэты лік боскі сабе выбіраем
Індра-Ветру лік выбіраем |
вось рупліва на Вівасваце
на пупе сяродзіцца новы |
хай жа мкнуць лёгка наперад нашы празоры
як дабожныя мкнуць празоры ||1||
стуль як за межы Ладу о Мітра-Варун̣а
вынесьлі Нелад вы сілай свайго здаленьня
у запале свайго здаленьня |
богі там на вашых пасадах
залатое ўбачылі лона |
мы празорамі мыслу й сваімі вачыма
Сомы і сваімі вачыма ||2||
вас прызываюць вялебнамі о Аш́віны
кліч вымаўляючы клічуць дабожныя людзі
вас узьлівамі жортвы людзі |
богі ў вас усё красаваньне
усё сыціва о ўсяведы |
пырскаюць колы вашага поваза мёдам
залатога о Дзівы мёдам ||3||
вы раскрываеце Дзівы небаскляпеньне
ваш запрагаецца на небашэсьцях поваз
незапылены вашы поваз |
стаіце вы ў кузаве богі
залатога о Дзівы воза |
як дарогай пракладаеце пуць паветрам
напрасткі імчыце паветрам ||4||
сілай вы багатыя сілай
днём а ноччу нас надзяляйце |
хай дарашчодрасьць ваша ня зьнікне ніколі
дарашчодрасьць ваша ніколі ||5||
для цябе о Індра гэты напой бычыны
выжым жорнамі выжматы быча струменіць
сакавіты выжым струменіць |
хай расшчодрыць цябе п’янлівы
на сьпяшэньне вяліка ярка |
о хваланосец прыходзь хвалою нясёны
многаміласны к нам нясёны ||6||
ты пачуй нас о Агні ды зваж прывітаны
маеш сказаці багом ты вартым аброку
правітаям вартым аброку |
стуль як тую вы Ан̇ґірасам
аддалі о багі карову |
доіць бог Айраман яе разам з чынлівым
у мяне ён знае карова ||7||
хай бяз нас вашы вычыны мужныя дзеі
ня зьвянуць бліскучыя ані не пажоўкнуць
хай бяз нас яны не пажоўкнуць |
той хвалебен што вам пяецца
з роду ў род вечна новы яркі |
захавайце Маруты вы ў нас незраўнаны
захавайце ў нас незраўнаны ||8||
ведае род мой Дадгйач і первы Ан̇ґі́рас
ведае Кан̣ва Атрі Прійамэдга Прашчур
рушы сія ведаюць Прашчур |
ад багоў распачаты род іх
род жа нашы ад іх пачаўся |
церазь іх сьлед я схіляю к сабе хвалебнам
Індру-Аґні к сабе хвалебнам ||9||
хай жрэц абрэкне хай дбалыя дар прыдбаюць
Пан радзеньня чукавы аброчыць з быкамі
з многадарнымі ён быкамі |
вось пачулі мы далячутны
жорнаў скрыгат прызыўны самі |
парасстаўляў ён судзіны бог мнагакемны
шмат пасадаў бог мнагакемны ||10||
о адзінаццацера жыхараў Неба
о адзінаццацера жыхараў Долу |
о адзінаццацера жыхараў Водаў
о багі наш аброк прымеце з уцехай ||11||
пераклад з санскрыту