Р̣ґ-веда (Рыгведа): 1.140

penbelarus.org · Р̣ґ-веда (рыгведа): 1.140 (пер. з санскрыту Ігар Кулікоў)

руш – Ді̄рґгатамас, сын Учатхйаў

Аґні зьнічу што любіць сядзець на аброчні
прынясі як падсілак прачыстаму лона |
як пакрывам пакрый ты мысьлітваю бога
сьветлавознага яркага цемразабойцу ||1||

дападае двуродны да ежы патройнай
зноў вырастае за год што ён праглынуўшы |
бык ён зацны ў абліку сваім языкастым
слон у другім зьмятае сабою дзярэўе ||2||

дзьве яго маткі ходырам ходзячы ўпобач
пачарнеўшы дзіця нараджаюць супольна |
высалапіўшы язык дымеючы ў гневе
чэпіцца прагна да матак бацькаў кармілец ||3||

запрагаюцца дзеля сьмяротнага мужа
хуткабежныя коні няўрымсьлівы жвавы |
мчаць уроссып яны падганяныя ветрам
па сабе пакідаючы чорны разоры ||4||

вось разьбягаюцца лёгка дымлівыя коні
падымаюць капытамі чорну пачвару |
шпарка шырокім рэчышчам рэючы рушаць
з трэскам імчацца шыпяць і равуць раўліва ||5||

нібы аздоба ён абдымае брунатных
нібы бугай да самак ён рушыць із рэвам |
сілай ярай граючы красуецца целам
нібы бык грозны рагамі трасе няўлоўны ||6||

ён скіда́ных раскі́даных прагна хапае
жонак сваіх спазнае зьлягаецца зь імі |
зноў вырастаюць яны злучаюцца з боствам
іншы аблік у бацькоў сабе сутвараюць ||7||

абнялі яго крэпка калматыя дзевы
падняліся памёршы ізноў дзеля мужа |
забіраючы старасьць іх рушыць раўлівы
вышні дух нараджае жывец непарушны ||8||

покрыў матчын ён вылізвае лізма ўсюды
з войскам жарлівым бяжыць па яе паверхні |
надзяляючы сілай жыцьцёвай хадзячых
чорны сьлед каляі пакідаючы ўсюды ||9||

зіхаці о Аґні ў нашых шчодрападаўцаў
палай дамавіце бугаю сапучы |
ускінуўшы парасткі ты заіскрыўся
як бронь у сутычках мігціш і бліскаеш ||10||

гэта ўмелая пея табе ад няўмелай
хай ад прыемнае нават будзе прыемней |
чыстым і сьветлым што зьзяе ў цябе на целе
Аґні божа для нас ты здабудзь дар-багацьце ||11||

дай нашаму возу і нашаму дому
ў дар лодзь самаходну і самавяслоўну |
якая б вояў нашых людзей шчадроўцаў
змагла пераправіць прытулішчам стаці ||12||

прымі ж ласкава наш урачыстань Аґні
хай Неба-Зямля й самаслаўныя рэкі |
адораць хадатаі гоўем і збожжам
валогай ружавыя і доўгадзенствам ||13||

пераклад з санскрыту