Раніца

penbelarus.org · Югася Каляда - Раніца

Ашчадна сьвеціцца вакно
калі прачнуцца да відна
як чорна-белае кіно
бязгучнае:
сьпіны сьцяна,

раскрытай даланёй рука,
рэльеф западзінаў вачэй,
пакуль сутонная рака
канапы рэчышчам цячэ,

але брыняюць гарачэй,
касуюць манахром начы
нос,
губы,
ранішняя шчэць,
прышчэпка воспы на плячы.