Раство

penbelarus.org · Алесь Емяльянаў-Шыловіч - Раство

…і апоўначы ў вокнах тваіх не патухне сьвятло
дзесь на ўсходзе сталіцы, на сёмым паверсе
трое ў белых адзеньнях зьбяруцца ў цябе за сталом,
як сказана ў адной з распаўсюджаных вэрсій

зьвяжуць рукі за сьпінаю, і, невядома чаму,
на пытаньне імя ты адкажаш: марыся
дадасі, што іосіф сышоў роўна як год таму –
не паверыў, што сын ад сьвятога зьявіўся;

і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,
бо такую адну пакідаць небясьпечна…
па-ранейшаму ў вокнах тваіх не патухне сьвятло
й будзе лялька ў калысцы сьпяваць: “Сьвяты вечар…”