Іван Франко. Раз у Пярэмыслі, дзе Сян плыве зялёны

penbelarus.org · Іван Франко. Раз у Пярэмыслі, дзе Сян плыве зялёны (пер. Г. Дубянецкая)

Раз у Пярэмысьлі, дзе Сян плыве зялёны,
Стаяў на мосьце я ў цяжкой задуме,
Я думаў пра цябе, душа мая,
Пра шчасьце тое, што лятучай зданьню
Зьявілася, ўсьміхнулася дый шчэзла,
Пакінуўшы на сэрцы сьлед нязгасны,
І я згадаў адно апавяданьне,
Што тут, над Сянам, ад народу чуў.

Зіма была. Замерз зялёны Сян,
І па бліскучым ледзяным памосьце
Працерлі санны шлях сабе сяляне.

І вось нядзелькай гожаю, апоўдні
Выходзяць людзі з цэрквы. Зьзяе сонца,
Іскрыцца сьнег. Натоўп народу выйшаў
Над Сян, гучаць вясёлыя гамонкі.

Аж вунь за Сянам на бялюткім полі
Штось зачарнелася, званцы брынчаць,
Падковы бомкаюць аб дол прамерзлы,
І наўскакі ўтаптанаю дарогай
Важнецкая жане чацьверка. Вупраж
Да сонца зіхаціць; нібы віхура,
Ляціць карэта, пугаю вазак,
Бы з пісталета, ляскае…
Убогі
Вясковы люд глядзіць на тую зьяву,
Дзівуецца. І хто б то мог так ехаць?
Ніколі ні запрэжак, ні вазкоў
Такіх тут не вялося. Ні старыя,
Ні маладыя здумаці ня могуць,
Хто гэта едзе, скуль і да каго?

Чацьверка ж, не збаўляючы хады,
Панеслася па лёдзе. Застагнаў
Пад капытамі конскімі, азваўся
Памост крыштальны, рыпам зарыпеў
Пад коламі карэты зьмерзлы сьнег.
І ляснуў пугаю вазак; бы вецер,
Чацьверка неслася.
Аж пасярод
Ракі, дзе крые тоўшча лёду
Найглыбшы вір, штось хрупнула –
разок,
Аднюткі раз там хрупнула! Шырокі
Круг лёду, бы абкроены, падаўся,
І коні, і карэта, і вазак,
І што было ў карэце, нібы сон,
Нібыта здань дзівосная, прапала.
І толькі Сян забулькацеў, бы д’ябал,
Ды аблізаўся хваляю зялёнай,
Што плюхнула шырока паўзьверх лёду
І зноў сышла да тоні таямнічай,
А той карэты з коньмі—хоць бы знак.

І не дазналіся ніколі людзі,
Хто гэтак ехаў, скуль і да каго.
Ніхто пра іх ніколі не распытваў,
Ані ў рацэ ніхто якіх парэшткаў
Не адшукаў. Калі б адзін хто бачыў
Праяву, а ня сотня сьведкаў, сам ён
Па часе б веры ўжо сабе ня даў,
Па часе б мусіў сам на тым спыніцца,
Што ўсё быў сон.
То майго сэрца драма!
Калі б ня гэтулькі гадоў пакуты,
Пякучых боляў, сьлёз і бажавольля,
Глухое роспачы, шалёных бунтаў
Прыгнечанага сэрца, дык я сам,
Згадаўшы нашу першую сустрэчу
І той праменьчык яснае надзеі,
Што бліснуў мне, ані б не сумняваўся,
Што быў то сон, надсянская легенда.