разглядаю атласы
і мапы свету – куды б
і адкуль бы стаць птушкай
павуцінкі дарог
лёгкія, лёгкія
разрываюцца ад неасцярожнага подыху
і ўздрыгвання веяў
павуцінкі дарог нагадваюць
зморшчынкі
на каханым твары
да якіх
прагнеш
датыкацца вуснамі
і можна спяшацца або
застыць у часе
або – вось – у цягнік начны
ўскочыць за хвіліну да адпраўлення
і ехаць, ехаць туды, дзе
нараджаецца вецер
і стужкі дарог пераплятаюцца
масты, адхоны
і дрэвы ў маўклівай скрусе
апавітыя тугой чакання
стаяць, трызняць
можа, таксама кахаюць кагосьці
на ўвесь цягнік – я і праваднік
апошні вагон
няма як яшчэ – на долей – затрымацца, застацца
курым у тамбуры
гартаем атласы
зморшчынкі на каханым твары
шклянка, гарбата, лыжачка
мапы на розных мовах
пра розныя кантыненты
і нават – зорнага неба
перадусім запомніць назвы сузор’яў
хто ведае
дзе прачынацца заўтра