Рэчы

penbelarus.org · Ігар Кулікоў - Рэчы

Рэчы. Гэта навалач перасьледуе нас ад самых
народзін – і сушай, і морам. Пехам і конна. Людзі
вярзуць, што гэта нармальна, быццам усё законна –
малая дакука, як гніды ці вошы. А самі трымцяць
ціхачом: адкладваюць яйкі ды грошы, рыхтуючыся
да паховін.

Тымчасам рэчы ідуць па пятах, ня помнячы стомы. Іх
не бярэ маркота й макрота нашай хваробы – ім
прысягнулі на вернасьць усе вірусы ды мікробы. Мы
лезем на сьцену. Мы лезем у вочы сьмерці: вучымся
паміраць бяз комы, жлукцячы Об і Лену.

Ад нас застаюцца голыя каардынаты. Скура ды
рэбры выжранае плянэты. Чэрві нашага гневу
забіліся пад базальт, як клеркі у кабінэты. Зрабіўшы
запасы кіру, мы замятаем сьляды нарошчанымі
хвастамі і лепім з ваты чучала шчасьця дзеля блізіру.

Прафуканы Эклезіяст. Грэбаны шабаш прадметаў.
Клаака жыцьця памерам у вечнасьць. Ваніты нашых
пратэстаў нас жа саміх і нявечаць – на радасьць
нямым уцехам. Разьбітыя паралюшам прагі, кідаем
бамжом іржу манэтаў і кормім сініцы пратухлым
рэхам.

Ды дзесьці на сьметніцы душ па-пад заваламі гора
мы іншай – увішнай – прышласьцю тлеем. Яна па
зямлі ня сьцелецца, яна ўгору дыміцца другім
Майсеем – па адзінаццаты запавет. І можа, пакуль
нам рэчы не перагрызьлі горла, з нас выпраменіцца
новы… звышновы
Аскет.