Роберт Бёрнс. Песня пра Ганну

penbelarus.org · Роберт Бёрнс. Песня пра Ганну (пер. Г. Дубянецкая)

Ўва мне ўчарашні хмель ня сьціх –
Ды не з віна я п’яны:
Учора на грудзях маіх
Заснулі косы Ганны.
Габрэй галодны, што шалеў,
Дапаўшыся да манны,—
І ён той слодычы ня меў,
Што я – ад вуснаў Ганны.

Усё загрэблі каралі –
Ад Інду да Саванны;
Ды што б яны ні набылі,
Ня варта вабаў Ганны.
Нашто мне бляск імператрыц
Ці ўвесь гарэм султана?
Ні трошкі ім не замяніць
Пяшчотаў любай Ганны.
Хутчэй сыдзі, пыхлівы дзень!
Прэч, зыркая Дыяна!
Схавайце, зоркі, свой прамень,
Калі са мною Ганна!
Няхай не падымаюць вей
Сьвяцілы ў час каханьня…
Пазыч пяро мне, салавей,
На вершасьпевы Ганьне!