Роспач на продаж

penbelarus.org · Віталь Рыжкоў - Роспач на продаж

Высьпела роспач, пачвара чароўная, –
поўныя вочы празрыстае слодачы.
Высьпела роспач – ладная, чорная –
і хопіць на продаж роспачы.

Высьпела роспач,
вы-ы-ысьпела,
вылезла,
воспай на твары высыпала,
воскам, выступамі,
сьлязамі празрыстымі,
выспамі,
высямі,
няспыннымі выразамі,
выспалася…
Высьпела.

Высьпела роспач. На першым паверсе,
дзе вершы складае нейкая сволач,
пахне гарэлкай. Па адной з вэрсій,
гэта –
высьпела роспач.

Высьпела роспач.
У краіне адчаю,
пераважна населенай беларусамі,
чалавек з вусамі шлёпае вуснамі
і слова яго –
не дапамагае…

Высьпела роспач,
высьпела,
зьзяючай язвай на целе выступіла,
рапсодыяй высыхлай,
срэбраным выстрэлам,
вызнала,
вылезла,
задзірліва чорныя кветкі выставіла,
выскараскалася –
высьпела…

Высьпела роспач, вые нямая,
і проста так да яе не падойдзеш,
ды скажыце усім: чалавек, што складае,
мае танную роспач на продаж.