Сабачае

penbelarus.org · Наста Кудасава - Сабачае

паімчу палямі басалап –
мірыяды музыкаў у пашчы…
падалося, некалі была
я жанчынай з доляю прапашчай.
падалося, падалася так,
быццам дыванамі дол убраны,
быццам кожны адбалелы такт
дзьмухаўцамі зарастаюць раны.
мо таму так вабіць далячынь –
далячу ж! ні лапай не самлею!
бо сабачы лёс – імчання чын –
палявое волі паўназелле…