самае цікавае пачынаецца потым: сціхне адчуванне болю
і нешта жаночае, сціскаючае, незадаволенае, абцяжаранае табою
нарачэ цябе ідыётам, цяжкім, разлегшымся тут пасярэдзіне поля бою,
і павалачэ, паўпрытомнага, праз усю гэту вайну, лаючыся на сябе, на сабе, за сабою
— калі ты плануеш памерці, а не ваяваць, я табе вось што скажу, дарагі мой,
няма чаго табе тут ляжаць, абцякаць крывёй і прыкідвацца чырвонай глінай
вось мой першы мужчына называў мяне сваёю адзінай, да таго як таксама кінуў,
а пасля сышоў ад мяне ў нікуды, але не за смерцю — за іншай блядзінай
другому свайму я нараджаць пабаялася (так пакрыўдзіў мяне той першы),
але быў ён харошы, інтэлігентны, друкаваў у раёнцы вершы,
ён казаў, што хоча са мной ажаніцца, чаго я смяюся, не смешна ж —
яго я прагнала сама, небараку. яго адшукалі праз тыдзень павешаным
страшна было — вось пасля гэтага я, карацей, ледзьве не звар’яцела;
трэцім прыходзіць стаў да мяне той лётчык, з ім я і заляцела,
ага, ну нічога, бывае — і ён настойваў, і самой ужо нарадзіць карцела,
і мы сталі ўдваіх назіраць, як дзіця напаўняе маё цела
але дзіця нарадзілася мёртвае. гэта мяне і зламала
лётчык казаў, маўляў, яшчэ знясеш залатое яйка — лётчыка я прагнала
перапакутвала, пасумала, выплакала, мне падалося мала —
пераспала з адным, яшчэ з двума, з кім я пасля толькі не спала
я спала з вамі за кветкі, цукеркі, бытавую тэхніку, павешаную паліцу,
забіты цвік, паходы ў кіно, добрае слова, сукенку, спадніцу,
я карыстала вас, каб расслабіцца, пабавіць час, забыцца,
вам патрэбна так мала. цяпер мне трыццаць.
я цягну цябе, ідыёта, у брудны ваенны шпіталь, у сімфонію болю,
дзе вы паміраеце так, нібыта перамагаць не патрэбна болей
ты вось, я бачу, умееш выслухаць і, паколькі ў шпіталі бракуе коек,
я пакладу цябе ляжаць і загойваць раны побач з сабою.