Самавіт

penbelarus.org · Ігар Кулікоў - Самавіт

На ўзьнеб’і выгараю ў зорны прысак. Варны ўзьдзень
узножжам стомленага сонца ліжа глыб вялікамор’я.
Я верамю жадзён, узьнятаму з падкошаных калень –
насустрач вечнасьці імя, адлітага зь бязмоўя.
Шукаю яснасьць ночы за крыменем апошніх прамянёў,
разьдзьмухваю ў сабе хмарнечу, цяжарную сумневам.
А ў сэрца даляглядзіць вадалог, і зь віру рыба-зоў
пра неруш шэпча мне і самастойнасьць дрэва.
Зьняможаны размножнасьцю сябе, расколаты знутры –
зьнямножыцца імкнуся, самкнуцца да прасьвету,
які праторыць ува мне, хадой імя заклятаму ў сам-тры,
нядбаную дарогу авароту – дарунак павучынага завету.
У цемрадзі сьціскаюся ў сябе, зняцельваю свой від
і нішчу множбіта ўсярэдзіне да радасьці з самоты,
каб з вонкашчаснага калекі ўва мне узножыў самавіт –
цяпельца зоркі на марознай пространі чарноты…