Сюжэтны тупік; незажыўлены шнар,
якога з аблічча ня зьдзерці;
тады рэжысэр выпраўляе сцэнар
сіндромам раптоўнае сьмерці.
Закінуты сквер як балотны аер.
Чужы лістападаўскі горад
маршрутам нязнаным выводзіць яе
пад вокны каханкі ягонай.
Ні злосьці, ні рэўнасьці ашалелай –
спроба пазбавіцца болю,
спатоліць тугу незнаёмых, але
адной аб’яднаных любоўю.
А той, – ліхтароў мірганулі агні, –
сюжэтам прыбраны далёка, –
пачуць іх ня можа, убачыць ані
праз даўкую вату аблокаў.