Люцыка агортваў морак таямнічасці і паважнасці. Розныя людзі, знаёмыя і блізкія, ведалі пра яго – хто больш, хто менш, але ўсё ведалі толькі некаторыя. Усё ведалі толькі Люцыкава жонка, Люцыкава маці і Люцыкава бабка. Астатнім – і Люцыкавым сваякам, і нават ягоным дзецям – заставаліся толькі домыслы.
Люцыкава жонка кожны дзень, калі дзеці ўжо ішлі спаць, а Люцык сядзеў пад лямпай, у тапачках, з газетай у руцэ, набліжалася да яго, клала яму галаву на калені, доўга-доўга глядзела яму ў вочы і нарэшце шаптала:
– Напрамілы Бог, Люцычку, беражы сябе…
Люцык не любіў булёну з цялячых костак і ўлады.
Люцык – герой.
Бывае, ён прыходзіць дамоў, расчырванелы, маўклівы, але хатнія ведаюць, што калі б ён хацеў і мог, то шмат распавёў бы. Вечарам жонка пытаецца ў яго з непрыхаваным здзіўленнем:
– Зноў?
Люцык ківае і пацягваецца. Уся ягоная постаць выражае моц і мужнасць.
– Дзе? – далей пытаецца жонка, пабойваючыся ўласнай дзёрзкасці.
Ён устае, падыходзіць да дзвярэй, раптоўным рухам расчыняе іх і глядзіць, ці не падслухоўвае хто-небудзь. Пасля правярае жалюзі на вокнах і ціха адказвае:
– Там, дзе звычайна…
– Ты… – узрушана выдыхае жонка.
І ў гэтым слове ўсё.
Сярод блізкіх Люцыкавых знаёмых, як мы ўжо згадвалі, ходзяць няпэўныя трывожныя чуткі: Люцык павінен быць пільным… Люцыку нешта пагражае?… Ах, гэты Люцык… Люцык ім пакажа…
Люцыкава маці непакоіцца за яго, але і ганарыцца ім. Яна не называе яго іначай, як “мой сын”. У той жа час Люцыкава бабуля, непахісная матрона, якая жыве асобна ад іх, толькі ганарыцца. Яна не выказвае аніякай боязі навонкі. І кажа сваёй дачцэ, маці Люцыка:
– У нашыя часы трэба рызыкаваць. Справе патрэбныя бясстрашныя людзі. Калі б быў жывы Яўстах, ён рабіў бы тое, што і Люцык.
У размовах з праўнучкамі яна на нешта намякае:
– Радуйцеся, што ў вас такі бацька, – і паказвае ім карцінкі, як па раўніне скачуць рыцары з плюмажамі. – Ваш бацька мог бы так. Яго не зламіць.
Тымчасам Люцык уваходзіць у грамадзкую прыбіральную. Старанна закрываецца ў кабіне. Хвіліну з тыгрыным бляскам уваччу аглядаецца, ці насамрэч ён адзін – пасьля чаго маланкава дастае з кішэні аловак – і піша на сцяне: “Далоў бальшавікоў!”
Ён вылятае з сартыру, заскоквае ў першую-лепшую таксоўку і, пятляючы па розных вуліцах, вяртаецца дадому. Вечарам жонка нясьмела пытаецца:
– Зноў?..
Люцык у справе даўно, і хаця такое інтэнсыўнае жыцьцё дзейнічае яму на нэрвы і даводзіць да бяссоньніцы, ён справы не выракаецца.
Люцык асцярожны, ён мяняе почырк. Перыядычна ён пазычае аўтаручку ў кіраўніка сваёй канторы. “Калі раптам ідэнтыфікуюць, чыёй асадкай напісана… Ха-ха…” – погрозліва пасмейваецца ён, думаючы, як кіраўнік канторы ўліпне, бы цюцька ў гразь, і як памыляцца яго, Люцыкавыя, пераследнікі. Каты.
Часам здараецца, што ў Люцыка кроў стыне ў жылах. Напрыклад, аднойчы, калі ён пісаў на сцяне: “Каталікі не здаюцца!” – нехта раптам загрукаў у дзьверы. Сэрца Люцыка замерла. Ён быў упэўнены, што гэта яны. Ліхаманкава сцёр свежы надпіс. Грукат не сціхаў. Люцык спачатку праглынуў аловак і толькі потым адчыніў дзверы. Уварваўся чырвонатвары мужчына з папкай (“Пракурор?” – прамільгнула ў галаве Люцык), бяз словаў выпіхнуў Люцыка з кабінкі і закрыўся. Але Люцык доўга помніў гэтыя хвіліны.
Таксама яго заўсёды непакоілі фізіяноміі туалетных бабулек. А раптам яны загрыміраваныя?
Але аднойчы, зімовым днём, накіроўваючыся да звыклага поля бітвы, ён спыніўся і замер. Дзверы грамадскай прыбіральні былі зачыненыя. А на іх, упоперак, красаваў нахабны надпіс, несумненна зроблены рукой ката: РАМОНТ.
Люцык адчуў сябе гусарам, у якога ў віры бойкі раптам выбілі шаблю – ён азіраецца і не знаходзіць сваёй зброі.
Ён вырашыў змагацца далей. Пайшоў на вакзал. Але з перону акурат у гэты момант выходзіла кампанія жаўнераў, і большасьць з іх накіравалася менавіта туды, куды й Люцык. Той пачаў нешта падазраваць. То бок яны не толькі выкарысталі здрадніцкі прыёмчык РАМОНТ, але ўводзяць яшчэ і ваеннае становішча.
Перад вачыма Люцык паўсталі пероны і грамадскія прыбіральні, абкружаныя вайскоўцамі. Не, Люцык хітры, Люцыка на лапці не аб’ехаць. Проста так Люцыка не возьмуць.
Ён не сумняваюся, што каты захапілі ўсе пазасталыя ў мястэчку аб’екты, што яны ўжо ў гатэлі “Палёнія” і ў пункце грамадзкага харчаваньня “Гастраном №1”. Але ён вырашыў – апошняе слова застанецца за ім. Сеў у цягнік, дзе паводзіў сябе вельмі асьцярожна. Выйшаў на наступнай станцыі. Наводдаль была невялічкая вёсачка. Дабраўшыся да першага дому, ён спытаў пра туалет.
– Чаго? – здзівіліся там. – Мы, ведаеце, да лесу ходзім.
У пералеску было ўжо цёмна. “Тым лепей”, – падумаў Люцык. Ён зайшоў у самы гушчар і накрэсліў прутком на сьнезе: “Генэрал Франко вам пакажа”.
Тым вечарам, вярнуўшыся дадому, ён доўга стаяў перад люстэркам, прыглядаючыся, ці пасавалі б ягоным плячам арліныя крылы.