Настаўніца загадала дастаць сшыткі. Вучаніца з першай парты, узорнапаказальная з усіх бакоў, адразу выканала загад. Яна выцягнула з партфэлю навюткі сшытак з вокладкай цаглянага колеру і паклала яго перад сабой. Гэта было звычайнае дзяўчо, ані тоўстае, ані худое, выглядала так, як выглядае паслухмянае дзяўчо, якое з’ядае пажыўныя абеды і не капрызіць. Коскі яе былі старанна заплеценыя – уявіць немагчыма, каб пасмачкі валасоў тырчэлі ў розныя бакі. Пончошкі акуратненька падцягнутыя, бяз брыдкіх складак, а боцікі такія чысьценькія, што адразу разумееш: о, гэтая дзяўчынка не лезе ў калюжыны, калі вяртаецца са школы дадому, дакладна не!
Паставіўшы кропку пасля апошняга слова, напісанага на дошцы, настаўніца растлумачыла дзецям, што такое паэзія. А менавіта – калі радкі скончваюцца аднолькава, гэта значыць, што дзеці, якія чытаюць дадзеныя радкі, маюць дачыненьне з паэзіяй. У якасьці прыкладу настаўніца прывяла: “кола – школа; камень – прамень; воля – доля”. Наступныя некалькі хвілінаў дзеці прыдумлялі рыфмы да розных словаў, якія называла настаўніца. Напрыклад, яна казала “Кніжка!” Дзяўчынка адразу адказвала: “Мышка!”, а яе валошкавыя вочкі ззялі ад радасці, што не прайшло і паловы ўроку, а яна ўжо ведае нешта новае.
Пэўнае замяшальніцтва выклікаў толькі Юзік, што сядзеў на апошняй парце. Яму было зададзенае слова “маяк”, і замест таго, каб адказаць адпаведна з законамі мастацтва – “сваяк”, ён сказаў: “трубка”.
Усе здзівіліся, а настаўніца яго раскрытыкавала. Але ён панура ўпёрся: “трубка” і выглядаў пры гэтым вельмі смешна, бо валасы ў яго раслі наперад.
Пазней настаўніца сказала:
– Дзеці мае, вы ўжо ведаеце, што такое паэзія. Дык вось, вялікім паэтам быў Адам Міцкевіч. На дошцы напісаны верш паэта Адама Міцкевіча. Перапішыце яго ў сшыткі і дома завучыце на памяць.
Найлепшая вучаніца адразу пачала запісваць. Парыпваючы новай асадкай, яна пісала ў чысцюткім сшытачку, без аніякіх памарак, проста і выразна:
Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое,
Не цэнім, маючы, а страцім залатое –
Шкада…
Урок скончыўся і дзеці пайшлі да дому. Нашая дзяўчынка таксама, старанна абмінаючы лужыны, наікравалася дамоў. Яна пацалавала мамулю і татку, з’ела булён і гуляш, каб па гадзіне пасляабедзеннага адпачынку ўзяцца за ўрокі.
Яна раскрыла сшытак і задумалася. Бо толькі цяпер заўважыла, што ў ейным сшытку два вершы. Адзін перапісаны з дошкі:
“Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое,
Ня цэнім, маючы, а страцім залатое –
шкада,”
– і другі, які вытворцы сшытку вялікімі літарамі надрукавалі на вокладцы:
Трэба ведаць, анягож:
З гніды вырастае вош!
Які з двух настаўніца загадала вывучыць? Беднае дзіцятка ніяк не магло згадаць. Абодва былі добрыя. Адзін: “тое” – “залатое”, другі: “анягож” – “вош”. Нарэшце, паколькі яна была прывучаная да парадку, вывучыла першы па чарзе, злева направа, вершык, той, дзе “анягож” – “вош”, і пайшла з мамай гуляць.
Назаўтра, выкліканая настаўніцай, яна прачытала тое, што вывучыла, і, да свайго здзіўлення, першы раз у жыцьці атрымала “незадавальняюча”. Далей урок праходзіў спакойна, паэўнае замяшаньне выклікаў толькі Юзік, які ня вывучыў нічога.
Ніхто не ведаў, што менавіта ў той дзень адбылася змена ў характары дзяўчынкі
Па дарозе да дому яна заўважыла ў вітрыне: “Ашчаджай працу жонкі – не забудзь набыць тушонкі!” “Жонкі” – “тушонкі”, – паўтарала яна пра сябе, задаволена шлёпаючы па калюжынах. Дома яна старанна перагледзела вокладкі ўсіх сшыткаў; на кожнай было нешта надрукаванае, хаця не заўсёды гэта былі вершы. Напрыклад, на адной было напісана толькі “Пішы без памарак”. Памятаючы пра парады настаўніцы, яна дапісала “Атрымаеш сто марак”, а вечарам ў яе паднялася тэмпература.
Божа мой, як змянілася дзяўчо! Скончылася з’яданне розных страваў без капрызаў. Цяпер яна замаўляла адпаведна сваёй фантазіі то папрыкаш, то селядца па-японску, то татарскі соўс і ніколі не была задаволеная абедам. Штодзень тое самае – яна бразгала дзьвярыма і йшла ў рэстарацыю. Замест таго, каб рана класціся спаць, яна да першай гадзіны ночы чытала Андэрсена ці “Польскія казкі дзядзькі Чэся”. А калі прыходзілі госці, то замест таго, каб сказаць: “Добры дзень” – вітала іх вершыкам:
Крэдыт памёр, няма яго на свеце.
Пра гэта пішуць у ранішняй газэце.
Яна вырашыла зрабіцца паэткай. У асобны сшытак запісывала вершы:
Хай жыве, квітнее, трывае
Таварыства кіроўцаў трамвая!
Каб першым вучнем быць у школе –
Заўсёды наперад, назад – ніколі!
Не будзь казлом –
Збірай металалом.
І шмат іншых.
У школе да гэтага прызвычаіліся. Толькі Юзік выклікаў замяшальніцтва. Ён, як і раней, нічога не ўмеў.