Сьнег над усёю зямлёю, сьнег…
У засяроджаным сэрцы — жах.
— Не
забівай
мяне! —
малюся на крыж нажа.
Сьнег над усёю зямлёю, у ім
магчыма сябе адшукаць.
На засяроджаным твары тваім —
каінава пячаць.
Сьнег над усёю зямлёю, сьнег…
Малюнак на шкле, імя.
— Не
забывай
мяне! —
далоні яе трымаў.
Сьнег над усёю зямлёю, які
працягвае думку ляза…
Падаюць з неба радкі,
якія нельга сказаць…