Солья Крапу. Твая сумачка

Што скажа твая сумачка
частка твайго цела
што туліцца між поясам і локцем
ляпае па тваім сцягне
або ціснецца між рэбрамі і рукою
Калі ты апошні раз зазірала ва ўнутраную кішэню

Невядома чые візітоўкі
нашкрэбаныя тэлефоны без імёнаў
гардэробныя нумаркі невядома адкуль
Табе праўда патрэбныя ўсе гэтыя асадкі
ты хоць помніш адкуль іх сцягнула
Табе праўда трэба насіць з сабой усе гэтыя
ключы
ты хоць ведаеш ад чаго яны
Пыльныя тампоны
заўсёды добра мець пад рукой
на выпадак
Рассыпаныя жуйкі
для свежага дыхання
ці калі ў самалёце закладзе вуха
забіваюцца пад падкладку
ці вось адна пажаваная загорнутая ў газетку
падчас начнога пералёту

Чым ёсць твая сумачка
пятая канечнасць
працяг твайго цела
і цябе
Партманэ
у якім болей слядоў выпадковых пакупак
чым банкнотаў
Адрасная кніжка
так, у мяне ёсць сябры
у мяне ёсць сябры
Штодзённік
так, я камусьці патрэбная
я не пустое месца
Што гэта ў цябе там у сумачцы
з чым ніколі не расстаешся
нават у ванне
Што гэта ты носіш
ці пройдзе яно мытню ў аэрапорце
ты ж не носіш там вострыя прадметы

Сумканосная частка насельніцтва
што мы цягаем з сабой

Акуляры
плынь часу
квіткі з таксі
тэлефон
рэчавыя доказы
ягадны камбайн
купоны на зніжкі
ружанец
нажную помпу для ровара
штрафы за паркоўку
плацкарты
абгорткі ад падарункаў
абцугі
парасон
пустыя ўпакоўкі
кампутарныя дэвайсы
заколкі
таблеткі ад галавы
пракладкі
для крана
цыдулкі
спісы пакупак
абяцанні
завушніцы
туш
гараж
корак з-пад шампанскага
шар для боўлінгу
кампактную паходную кухню
сямейны партрэт
цені для павекаў
твар
дохлага хамячка
памаду