па-над горадам зачараваным, нібыта у сьне
прамінаюць князі, імператары ды базілеўсы
пад нагамі няўрымсьліва вілія ў невараць мкне
я стаю на руінах няспраўджанага каралеўства
у спрадвечных мурах ні царква, ні касьцёл, ні турма
ні патоп, ні вайна, ні рэпрэсіі, ні рэвалюцыя
і нарэшце ніякага сьцягу на вежы няма
толькі конікі на паплавах каля рэчкі пасуцца
вастрабрамская маці ня хіліць чала у журбе
прыціскаючы соннае места да сэрца далоньмі
ўсе дарогі на сьвеце нязьменна вядуць да цябе
над табою кружляе пчала і грукоча пагоня
сьпі, маленькая, болей ня прыйдзе жалезны ваўчок
калыханку табе я сьпяю, засынай у спакоі
я шапчу і міжволі прыслухваюся: па начох
хтосьці зноўку айчыну сваю называе літвою