Пакутую ад панічнага страху ўпасці.
Мне 6, я вучуся ездзіць на ровары:
падаю, разбіваю каленкі,
пашкрэбаныя далоні.
Тата
залізвае раны мне, як той сабака,
і боль суціхае.
Мне 27, а я
на ровары ездзіць не ўмею,
страх застаўся.
Дзе ты цяпер тата, дзе ты цяпер,
столькі ранаў – хто іх загоіць?
Ну і што, што сама ўжо дарослая.
Выслізваюць з рук прадметы –
каштоўныя і не вельмі.
Няхай разбіваюцца –
гэта ўсяго толькі рэчы,
іх на свеце багата,
з людзьмі не так,
з людзьмі, чыя ўсмешка
заўсёды перад вачамі,
на чыім вобразе –
ніводнае плямы.
Так доўга
мы без цябе тут,
мой светлы сябра.
Я жыву цяпер толькі на дахах,
бо баюся расчыненых вокнаў
дванаццатага паверху…