Гага Нахуцрышвілі. Сумнеў

penbelarus.org · Гага Нахуцрышвілі. Сумнеў (пер. Віталь Рыжкоў)

Вільгаць начэй ходзіць за мной кругамі.
Не кажыце толькі, што вам спатрэбіўся Гамлет,
што дагэтуль верыце ў праўду
і марыць маеце прагу.
Уночы вільгаць ізноў разгарыцца.
Ён мог быць прынцам ці рыцарам,
ён мог сабе нагадваць і Бога з прычыны
таго, што быў ці не быў, магчыма.
Новыя ідэалы лёгка сцерці.
Пабачыш, людзі з тваёй пацешацца смерці,
знойдуць адказ і прамовяць: ён быў вар’ятам!
І жыццё са страхам ідзе, праклятае.
Навошта змагаешся тут з сабой ты?
Сумнеў адно пераможа ў гэтай бойцы.
Вакол баязліўцы. І тая жанчына,
што па табе заплача, — няшчырая.
Бо рэчаіснасць страчвае колер,
таму працяг зразумелы даволі —
баюся, ў сумленні пад гэтым небам
болей няма патрэбы,
Планета знасіла сваю арбіту.
Ён быў ці не быў? Нібыта.